Пошук

Інстытут рэлігійных спраў - Ватыканскі банк. Ілюстрацыйнае фота Інстытут рэлігійных спраў - Ватыканскі банк. Ілюстрацыйнае фота 

Бюджэт Святога Пасаду на 2021 г.: дэфіцыт – 50 млн еўра

Бюджэт Апостальскай Сталіцы на 2021 г. прадугледжвае дэфіцыт у амаль 50 млн еўра. Нягледзячы на цяжкасці, прыярытэтам названа захаванне працоўных месцаў.

Крызіс, які перажывае свет у сувязі з пандэміяй, закрануў таксама рахункі Святога Пасаду. 18 лютага 2021 г. Папа зацвердзіў бюджэт Апостальскай Сталіцы на 2021 г. Ён быў распрацаваны Сакратарыятам па эканамічных пытаннях і прыняты падчас пасяджэння гэтай структуры, якое праходзіла 16 лютага.

Пры агульных паступленнях у 260 млн еўра і планавых выдатках у памеры каля 310 млн еўра, прадугледжваецца дэфіцыт бюджэту ў 49,7 млн. еўра.

Бюджэт на 2021 г. будзе падтрыманы сродкамі з фонду “Грош св. Пятра” і іншых ватыканскіх фондаў. Адзначаецца, што пры паступленнях на суму ў 47,3 млн еўра і выдатках на карысць трэціх бэнэфіцыяраў у памеры 17 млн еўра, Святы Пасад разлічвае атрымаць каля 30,3 млн еўра. Без уліку гэтых фондаў дэфіцыт бюджэту склаў бы каля 80 млн еўра.

Сакратарыят па эканамічных пытаннях паведаміў, што ў параўнанні з 2019 г. паступленні зменшыліся на 21% (48 млн еўра), што выклікана скарачэннем некаторых відаў дзейнасці, звязананым з пандэміяй, а таксама змяншэннем ахвяраванняў.

У бюджэце адлюстраваны намаганні, накіраваныя на аптымізацыю выдаткаў, якія былі зменшаны на 14% (24 млн еўра), аднак, не закраналі фонд аплаты працы. “Захаванне працоўных месцаў і надалей застаецца прыярытэтам для Святога Айца ў гэты цяжкі перыяд”, - гаворыцца ў паведамленні Сакратарыяту па эканамічных пытаннях.

Заўважаецца, што большая частка рэсурсаў Святога Пасаду прызначана на падтрымку апостальскай дзейнасці, што складае 68% усіх выдаткаў. 17% прызначана на кіраванне маёмасцю і іншымі рэсурсамі, а 15% – адміністрацыйныя выдаткі і паслугі. Калі ўзровень ахвяраванняў застанецца такім, як прадугледжана, дэфіцыт будзе пакрывацца з рэзэрвовых фондаў.
 

20 лютага 2021, 09:11