Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа выступіць з прамовай у дзень малітвы за ахвяр гандлю людзьмі

Папа прыме ўдзел у Сусветным малітоўным марафоне за спыненне гандлю людзьмі. Ініцыятыва міжнароднай сеткі кансэкраванага жыцця “Talitha Kum”, якая дапамагае ахвярам гандлю, будзе рэалізавана ў анлайн-фармаце.

Малітва адбудзецца 8 лютага 2021 г., калі, па волі Святога Айца, Каталіцкі Касцёл адзначае Сусветны дзень малітвы за спыненне гандлю людзьмі. Гэтую дату Францішак устанавіў у 2015 г. у памяць пра св. Джузэпіну Бакіту – манахіню з Судана, якая ў дзіцячым узросце зведала зняволенне гандлярамі, не раз перапрадавалася і знесла шмат здзекаў і пакут.

У сувязі з пандэміяй каронавіруса малітва пройдзе анлайн і будзе трансліравацца з перакладам на пяць моў, на YouTube-канале, прысвечаным Сусветнаму дню малітвы за спыненне гандлю людзьмі. У гэтым годзе малітоўнае чуванне пройдзе пад дэвізам: Эканоміка без гандлю людзьмі.

Марафон распачнецца ў 10.00 па сярэднееўрапейскім часе з тэрыторый Акіяніі і Блізкага Усходу, потым залучыць удзельнікаў з Афрыкі і Еўропы. У 13.40 запланаваны відэазварот да ўдзельнікаў марафону Святога Айца Францішка, пасля чаго малітву падхопяць вернікі з Лацінскай Амерыкі. Завяршыцца марафон з удзелам жыхароў Паўночнай Амерыкі.

Па словах с. Габрыэлы Батані, каардынатара сеткі Talitha Kum, мэты дзейнасці яе супольнасці цалкам адпавядаюць пазіцыі Святога Айца і яго заклапочанасці маштабамі гандлю людзьмі ва ўсім свеце. Яна нагадала, што яшчэ раней, падчас анлайн-сустрэчы Эканоміка Францішка, якая праходзіла 19-21 лістапада 2020 г., Пантыфік заклікаў да пошуку альтэрнатыўных шляхоў эканамічнага развіцця.

“Гандаль людзьмі – гэта частка эканомікі адчужэння, у якой законы рынку разбураюць вядучыя каштоўнасці чалавечага суіснавання, заснаваныя на павазе годнасці чалавека, а таксама на ахове навакольнага асяроддзя”, - лічыць с. Габрыэла. Міжнародная сетка кансэкраванага жыцця Talitha Kum імкнецца падтрымліваць “рэфлексію адносна эканомікі, якая б абараняла жыццё і годную працу для кожнага чалавека”, - сцвердзіла законніца.
 

06 лютага 2021, 11:16