Пошук

Vatican News
Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: здольнасць маліцца – самая высокая праява годнасці

Малітва дапамагае нам любіць іншых, нягледзячы на іх памылкі і грахі, бо чалавек заўсёды важнейшы за яго ўчынкі, і Езус не асудзіў свет, а збавіў яго, - заўважыў Францішак 10 лютага 2021 г. падчас агульнай аўдыенцыі.

Папа разважаў пра тое, як з літургіі малітва вяртаецца ў штодзённае жыццё: на вуліцы, у месцы працы, у транспартныя сродкі, дзе працягваецца дыялог чалавека з Богам: той, хто моліцца, як закаханы, што заўсёды носіць у сваім сэрцы любімага чалавека, дзе б ні знаходзіўся.

Пантыфік падкрэсліў, што гэты дыялог з Богам ахоплівае ўсё: кожная радасць становіцца прычынай для праслаўлення, кожнае выпрабаванне – нагодай для просьбы аб дапамозе. “Малітва заўсёды прысутнічае ў жыцці як агонь распаленых вуглёў, і нават калі вусны не прамаўляюць, прамаўляе сэрца. Кожная думка, нават самая “прыземленая”, можа быць прасякнута малітвай. Таксама чалавечы розум мае малітоўны аспект; ён з’яўляецца акном, скіраваным у бок таямніцы. Праліваючы святло на некалькі крокаў перад намі, ён адкрывае нас на ўсю рэчаіснасць, якая нас апярэджвае і перавышае. Гэта таямніца не мае неспакойнага і трывожнага аблічча: знаёмства з Хрыстом напаўняе верай у тое, што там, дзе нашы вочы і вочы нашага розуму не могуць бачыць, няма пустаты, наадварот, ёсць Нехта, хто нас чакае, ёсць бясконцая ласка. Таму хрысціянская малітва напаўняе сэрца чалавека непераможнай надзеяй: які б досвед нас не напаткаў на шляху, Божая любоў можа перамяніць яго ў дабро”, - сказаў Францішак.

“Мы вучымся маліцца ў пэўныя моманты, слухаючы голас Пана і ўдзельнічаючы ў Яго Пасхальнай таямніцы; але ва ўсе часы, у падзеях кожнага дня Яго Дух даецца нам для таго, каб нараджалася малітва. (...) Час – у руках Айца; мы сустракаемся з Ім у цяперашні момант – ні ўчора, ні заўтра, а сёння”, - нагадаў Святы Айцец словы Катэхізіса.

Пантыфік падкрэсліў, што “не існуе іншага цудоўнага дня, акрамя сённяшняга”, а малітва “перамяняе яго ў ласку, ці лепш, перамяняе нас: суцяшае гнеў, падтрымлівае любоў, памнажае радасць, напаўняе сілай прабачэння”. У пэўны момант “нам можа здавацца, што ўжо не мы жывём, але ласка жыве і дзейнічае ў нас праз малітву”.

“Кожны новы дзень, калі прымаем яго з малітвай, суправаджаецца адвагай, так, што праблемы, якія мы павінны вырашыць, не будуць больш перашкодай для нашага шчасця, але заклікам да Бога, нагодай для нашай сустрэчы з Ім”, - патлумачыў Пантыфік.

Папа заклікаў “маліцца за ўсё і за ўсіх”. “Будзем маліцца за нашых блізкіх, але таксама за тых, каго не ведаем; будзем маліцца за нашых ворагаў, як часта заклікае рабіць Святое Пісанне. Малітва адкрывае на шчодрую любоў. Будзем маліцца, у першую чаргу, за людзей нешчаслівых, за тых, хто плача ў адзіноце і страціў надзею знайсці любоў, якая б’ецца для іх. Малітва чыніць цуды, і нават бедныя ведаюць, што, дзякуючы Божай ласцы, таксама ў іх сітуацыі нястачы хрысціянская малітва дазваляе адчуць спагаду Езуса: Ён глядзеў з вялікай ласкавасцю на абцяжараныя і разгубленыя натоўпы, як на авечак без пастыра”, - нагадаў Святы Айцец.

“Пантыфік заўважыў, што “малітва дапамагае нам любіць іншых, нягледзячы на іх памылкі і грахі”, бо “чалавек заўсёды важнейшы за яго ўчынкі, і Езус не асудзіў свет, а збавіў яго”.”

Францішак назваў кепскім стаўленне людзей, якія пастаянна асуджаюць іншых. “Трэба любіць усіх і кожнага, памятаючы ў малітве, што мы ўсе грэшнікі і, у той жа час, тыя, каго любіць Бог. Любячы свет такім чынам, любячы яго з ласкавасцю, мы адкрыем для сябе, што кожны дзень і кожная падзея хаваюць у сабе часцінку Божай таямніцы”, - дадаў Папа.

Малітва ў падзеях кожнага дня і кожнага імгнення – можа быць “закваскай”, з якой Хрыстус параўноўвае Валадарства, - звярнуў увагу Святы Айцец.

Францішак нагадаў словы Блэза Паскаля пра тое, што чалавек – толькі былінка, і забіць яго можна нават простай кропляй вады. “Мы – крохкія істоты, але ў нас ёсць здольнасць маліцца: гэта самая высокая праява годнасці ў нас. І калі малітва адпавядае сэрцу Езуса, яна чыніць цуды”, - сказаў на завяршэнне катэхезы Папа.
 

10 лютага 2021, 11:08