Пошук

Vatican News

Пантыфік павіншаваў Ватыканскае радыё з 90-годдзем

Святы Айцец скіраваў кароткае віншавальнае пасланне з нагоды 90-годдзя з дня заснавання Ватыканскага радыё. Ён пажадаў, каб радыёстанцыя дапамагала людзям бачыць праўдзівы стан рэчаў.

“Важна захоўваць памяць пра нашу гісторыю і не столькі тужыць па мінулым, колькі па будучыні, якую мы пакліканы будаваць. Дзякую за вашу працу. Дзякую за любоў, якую ўкладаеце ў яе. Радыё мае цудоўную асаблівасць: яно нясе слова нават у самыя загубленыя месцы, а ў нашы дні злучае яго таксама з выявамі і пісьмовым тэкстам”, - заўважыў Папа.

“З мужнасцю і творчасцю прамаўляйце да свету і такім чынам будуйце камунікацыю, здольную дапамагчы ўбачыць праўдзівы стан рэчаў”, - гаворыцца ў віншаванні Святога Айца.

Ватыканскае радыё было заснавана 12 лютага 1931 г. На сённяшні дзень яно ажыццяўляе вяшчанне на 41 мове. На папскай радыёстанцыі працуюць прадстаўнікі 69 краін свету. Беларуская рэдакцыя дзейнічае з 1950 г.
 

12 лютага 2021, 07:42