Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: літургія – гэта досвед, падзея, прысутнасць, сустрэча

Літургія, гэта не спантанная малітва, але нешта большае і першаснае: гэта асноватворная дзея ўсяго хрысціянскага досведу, - падкрэсліў Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 3 лютага 2021 г.

Папа звярнуў увагу на важнасць літургічнай малітвы і заўважыў, што цягам гісторыі ў Касцёле шмат разоў узнікала спакуса ігнараваць “духоўную важнасць публічных літургічных абрадаў”. Часта гэта было звязана з прэтэнзіяй на “большую рэлігійную чысціню”, незалежную ад вонкавых цырымоній, што ўспрымаліся як “непатрэбны і шкодны цяжар”. Пры гэтым аб’ектам крытыкі станавілася “не нейкая абрадавая форма ці спосаб цэлебрацыі, а сама літургія”.

Францішак заўважыў, што ў Касцёле дагэтуль сустракаюцца “пэўныя формы духоўнасці, якія не здолелі належным чынам інтэграваць літургічны момант”. Многія вернікі, нават калі рэгулярна ўдзельнічаюць у абрадах, асабліва ў нядзельнай св. Імшы, чэрпаюць сілы для сваёй веры і духоўнага жыцця пераважна з іншых крыніц, з розных форм пабожнасці.

Святы Айцец падкрэсліў, што на працягу апошніх дзесяцігоддзяў у гэтай сферы шмат змянілася. Канстытуцыя Sacrosanctum Concilium Другога Ватыканскага Сабора выразна падкрэсліла важнасць для жыцця хрысціян менавіта Боскай літургіі.

“У літургіі хрысціяне знаходзяць аб’ектыўнае пасрэдніцтва, абумоўленае тым фактам, што Езус Хрыстус – гэта не ідэя ці пачуццё, а жывая Асоба, а Яго Таямніца – гістарычная падзея. Малітва хрысціян адбываецца праз канкрэтнае пасрэдніцтва: Святога Пісання, сакрамэнтаў, літургічных абрадаў. У хрысціянскім жыцці не ігнаруецца цялесная і матэрыяльная сфера, бо ў Езусе Хрысце яна стала шляхам збаўлення”, - падкрэсліў Папа.

Паводле Францішка, не можа існаваць хрысціянскай духоўнасці, не ўкаранёнай у цэлебрацыі святых таямніц. Місія Хрыста і Святога Духа, які ў сакрамэнтальнай літургіі Касцёла абвяшчае, робіць прысутнай і перадае Таямніцу збаўлення, працягваецца ў сэрцы таго, хто моліцца.

“Літургія, па сваёй сутнасці, гэта не спантанная малітва, але нешта большае і першаснае: гэта асноватворная дзея ўсяго хрысціянскага досведу, а таму і малітвы. Літургія – гэта досвед, падзея, прысутнасць, сустрэча. Гэта сустрэча з Хрыстом. Хрыстус становіцца прысутным у Святым Духу праз сакрамэнтальныя знакі: адсюль паходзіць для нас, хрысціян, патрэба ўдзельнічаць у Боскіх таямніцах. Хрысціянства без літургіі – асмелюся сказаць – гэта хрысціянства без Хрыста”, - сцвердзіў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што нават у самых сціплых цэлебрацыях, як тыя, якія адбываліся і адбываюцца ў месцах зняволення, ці падпольна ў дамах падчас пераследу, Хрыстус становіцца па-сапраўднаму прысутным і дорыць Сябе сваім вернікам.

Святы Айцец зазначыў, што літургія, дзякуючы яе “аб’ектыўнаму вымярэнню”, патрабуе цэлебрацыі з дбайнасцю, “каб ласка, якая выліваецца ў абрадзе, не была змарнавана, але дасягнула жыцця кожнага”.

“Многія хрысціянскія малітвы не паходзяць з літургіі, але ўсе, калі яны з’яўляюцца хрысціянскімі, прадугледжваюць літургію, гэта значыць сакрамэнтальнае пасрэдніцтва Езуса Хрыста. Кожны раз, калі цэлебруем хрост, кансэкруем хлеб і віно падчас Эўхарыстыі, намашчаем святым алеем цела хворага, прысутнічае Хрыстус! Ён прысутнічае так, як калі б аздараўляў слабыя члены хворых ці перадаваў падчас Апошняй вячэры свой запавет дзеля збаўлення свету”, - сказаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што св. Імшу нельга проста “выслухаць”, нібыта з’яўляемся толькі гледачамі чагосьці, што адбываецца без нас. “Св. Імша – заўсёды цэлебруецца, і не толькі святаром, які яе ўзначальвае, але ўсімі хрысціянамі, якія яе перажываюць. Цэнтр – гэта Хрыстус! Мы ўсе, у разнастайнасці дароў і служэння, уключаемся ў Яго дзеянне, бо Ён, Хрыстус – Галоўная дзеючая Асоба літургіі”, - дадаў Францішак.

Завяршаючы катэхезу, Святы Айцец падкрэсліў, што жыццё чалавека – гэта пакліканне да таго, каб станавіцца ахвярай для Бога, але гэта немагчыма рэалізаваць без малітвы, асабліва без малітвы літургічнай.
 

03 лютага 2021, 11:01