Пошук

Vatican News
Lamborghini, падораны Францішку Lamborghini, падораны Францішку  (ACS ITALIA)

Lamborghini, падораны Папу, у дапамогу Касцёлу ў Іраку

Два важныя для Касцёла ў Іраку праекты рэалізуюцца дзякуючы частцы выручкі ад аўкцыёна па продажы Lamborghini Huracán, падоранага італьянскім аўтавытворцам Святому Айцу ў 2017 г.

Дабрачынная арганізацыя Дапамога Касцёлу ў патрэбе працягвае працу па падтрымцы хрысціян, выгнаных з Нінэвійскай раўніны ісламскімі тэрарыстамі. Два праекты, якія фінансуюцца за кошт ахвяраванняў, – гэта рэканструкцыя каталіцкага шматмэтавага парафіяльнага цэнтра ў Башыке, цалкам разбураны тэрарыстамі, і будаўніцтва каталіцкага дзіцячага садка ў тым жа горадзе.

Па словах Алесандра Монтэдуро, дырэктара італьянскага аддзялення фонду Дапамога Касцёлу ў патрэбе, на першы праект было выдзелена 166 тыс. еўра, да якіх былі дададзены яшчэ 124 тыс. еўра ад дабрачынцаў фонду; на другі – 34 тыс. еўра з 200 тыс., падораных Францішкам.

Дзіцячы садок для 70 дзяцей ужо завершаны, хоць з прычыны пандэміі COVID-19 яшчэ не пачаў працу. “Мы рады, што будаўніцтва завяршылі напярэдадні гістарычнага візіту Францішка ў Ірак”, - падкрэсліў Монтэдуро.

Па дадзеных Дапамогі Касцёлу ў патрэбе, у студзені 2021 г. больш за 45% сем'яў, якія раней пражывалі на Нінэвійскай раўніне і былі выгнаны адтуль экстрэмістамі, змаглі вярнуцца ў свае дамы, у тым ліку дзякуючы значнай фінансавай падтрымцы з боку міжнароднай каталіцкай супольнасці. На сродкі розных арганізацый удалося аднавіць каля 60% разбураных дамоў.
 

27 лютага 2021, 11:37