Пошук

Vatican News
Папа падчас св. Імшы ў Папяльцовую сераду Папа падчас св. Імшы ў Папяльцовую сераду  (Vatican Media)

Францішак: Вялікі пост – зыход з рабства да свабоды

Вялікі пост – гэта час вяртання да Бога, неабходны для таго, каб зноў адчуць радасць ад таго, што цябе любяць, - падкрэсліў Пантыфік 17 лютага 2021 г. падчас св. Імшы ў Папяльцовую сераду

На пачатку Вялікага посту вуснамі прарока Ёэля гучыць заклік Бога: “Звярніцеся да Мяне ўсім сваім сэрцам” (Ёэл 2,12). Вялікі пост – гэта “падарожжа вяртання да Бога”. Важна, аднак, не адкладаць яго “на потым” і звярнуцца да Яго ўсім сэрцам, - заўважыў Францішак.

“Вялікі пост – гэта падарожжа, якое ахоплівае ўсё наша жыццё і ўсю нашу істоту. Гэта час прызначаны для правярання, якімі шляхамі крочым у пошуках таго, які прывядзе нас дамоў, каб нанова адкрыць фундаментальную сувязь з Богам, ад Якога залежыць усё”, - сказаў Пантыфік.

На працягу Вялікага посту трэба распазнаць, куды скіравана наша сэрца: куды вядзе нас “навігатар жыцця”, да Бога ці ўласнага “я”? Жадаем падабацца Богу ці быць тымі, каго ведаюць, расхвальваюць, аддаюць перавагу? Адчуваем сябе камфортна з сваёй крывадушнасцю ці змагаемся дзеля вызвалення сэрца ад двудушнасці і фальшу, якія яго знявольваюць? Пантыфік прапанаваў адказаць сабе на гэтыя пытанні.

Святы Айцец падкрэсліў, што Вялікі пост – гэта “зыход з рабства да свабоды”. Гаворка ідзе пра сорак дзён, якія нагадваюць пра сорак гадоў, на працягу якіх Божы народ вандраваў па пустыні, каб вярнуцца ў зямлю свайго паходжання.

“Але як цяжка было пакінуць Егіпет!”, - заўважыў ён. Так адбываецца і з намі: падарожжу вяртання да Бога перашкаджаюць нашы нездаровыя прывязанасці, спакуслівыя путы заган, пошук фальшывай бяспекі ў грошах і знешнім вобразе, у нараканні, і гэта ўсё паралізуе нас.

Паводле Папы, дапамогай у вяртанні да Бога могуць стаць прыклады падарожжаў, пра якія распавядае Біблія. У першую чаргу, гэта гісторыя пра Блуднага сына, якая дае зразумець, што настаў час вярнуцца да Айца. “Мы, як і гэты сын, забыліся водар дому, растрацілі каштоўнасці і засталіся з пустымі рукамі і незадаволеным сэрцам”, - заўважыў Францішак. Паставіць чалавека на ногі можа “прабачэнне Айца”, споведзь, якая з’яўляецца “першым крокам на нашым шляху вяртання”.

Іншы біблійны прыклад – пракажоны, які вярнуўся да Езуса, каб падзякаваць за аздараўленне. “Усе мы маем духоўныя хваробы, ад якіх самастойна не можам вылечыцца; маем глыбокія заганы, якія самастойна не можам выкарчаваць; маем страхі, якія нас паралізуюць і якія самі не можам перамагчы”. Таму і нам вярнуцца да Хрыста, упасці да Яго ног, паказаць Яму нашы раны і сказаць: “Езу, я стаю перад Табой з маіх грахом, маёй нікчэмнасцю. Ты – Лекар, Ты можаш вызваліць мяне. Аздараві маё сэрца, вылечы мяне ад праказы”, - параіў Францішак.

Пантыфік заклікаў таксама вярнуцца да Святога Духа. Попел, якім пасыпаюцца галовы, нагадвае пра тое, што мы толькі пыл. Але ў гэты пыл Бог “удыхнуў свайго Духа жыцця”, таму нельга жыць, імкнучыся да тленнага. “Вернемся да Святога Духа, Даўцы жыцця, да Полымя, якое ўваскрашае наш попел”, “якое вучыць любіць і праслаўляць Бога”, - заклікаў Папа.

Важна прымірыцца з Панам, адкрыцца на Яго дзеянне, захоўваць шчырыя адносіны з Ім. “Пачатак вяртання да Бога – у прызнанні патрэбы ў Ім, патрэбы ў Яго міласэрнасці, патрэбы ў Яго ласцы. Гэта правільны шлях, шлях пакоры”, - звярнуў увагу Францішак.

Святы Айцец нагадаў, што Вялікі пост пачынаецца з схілення галавы для пасыпання попелам, а завяршаецца схіленнем для абмыцці ног братам. Ён назваў гэта шляхам прыніжэння з любові.

Папа заклікаў стаць перад крыжам Езуса – “маўклівай кафедрай Бога” – і штодзённа сузіраць Яго раны. “Будзем цалаваць іх, каб зразумець, што ў іх, у самых балючых ранах жыцця, Бог чакае нас са сваёй бясконцай міласэрнасцю. Бо там, дзе мы найбольш уразлівыя, дзе найбольш саромеемся, Ён выйшаў насустрач нам. І цяпер, выйшаўшы нам насустрач, Ён запрашае нас вярнуцца да Яго, каб нанова знайсці радасць усведамлення таго, што нас любяць”, - завяршыў гамілію Францішак.
 

17 лютага 2021, 12:08