Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: СМІ павінны дапамагаць адрозніваць дабро ад зла

1 лютага 2021 г. Папа прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю Catholic News Service – інфармацыйнай службы Канферэнцыі Біскупаў ЗША. Сустрэча была прымеркавана да 100-годдзя з дня заснавання структуры.

Святы Айцец заўважыў, што за час сваёй дзейнасці Catholic News Service “зрабіла каштоўны ўнёсак у англамоўны свет праз інфармаванне аб місіі Касцёла, скіраванай на абвяшчэнне Евангелля і сведчання любові Бога, адкрытай у Езусе Хрысце”.

Папа пажадаў сваім гасцям, каб у эпоху, калі навіны з лёгкасцю “падвяргаюцца маніпуляцыі і распаўсюджанай з’яўляецца дэзынфармацыя”, яны дапамагалі людзям пазнаваць праўду.

“Дзякую за вашу працу і заклікаю працягваць спрыяць дыялогу і сумленнай камунікацыі паміж людзьмі і супольнасцямі. Мы маем патрэбу ў медыя, якія змогуць дапамагчы людзям, асабліва моладзі, адрозніваць дабро ад зла, прыходзіць да здаровых суджэнняў, заснаваных на ясным і цэласным валоданні фактамі, а таксама прызнаваць важнасць працы на карысць справядлівасці, грамадскай згоды і павагі да нашага супольнага дома”, - сказаў Францішак.

Папа пажадаў, каб дух адзінства з Біскупам Рыма, які заўсёды быў адметнай рысай Catholic News Service, дапамагаў журналістам інфармацыйнай службы служыць праўдзе з пакорай і адказнасцю.
 

01 лютага 2021, 11:39