Пошук

Vatican News
Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" у Ватыкане Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" у Ватыкане  (ANSA)

Папа: перамагаць д’ябла верай, малітвай і пакаяннем

Увайсці ў духоўную пустыню, каб адкрыцца на Божае слова і ўступіць у бой з сатаной - заклікаў Папа перад малітвай “Анёл Панскі”, якая 21 лютага 2021 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

Святы Айцец заўважыў, што ў першую нядзелю Вялікага посту Божае слова ўказвае нам шлях да таго, каб плённа перажыць сорак дзён, якія вядуць да штогадовай пасхальнай цэлебрацыі. Гэта шлях, якім прайшоў сам Езус. Гаворачы пра яго, Евангелле св. Марка кажа, што перш чым пачаць прапаведваць, Езус правёў сорак дзён у пустыні, дзе Яго спакушаў д’ябал.

Евангеліст падкрэслівае, што Святы Дух “павёў Яго ў пустыню”. Той самы Дух, які сышоў на Яго адразу пасля хросту, атрыманага ад Яна ў рацэ Ярдан, павёў Яго ў пустыню, каб змагацца са Спакушальнікам. Усё жыццё Езуса прайшло пад знакам Святога Духа, які Яго натхняў і вёў, - сказаў Пантыфік.

Папа заўважыў, што пустыня мае важнае сімвалічнае значэнне ў Бібліі. Гэта самотнае месца, у якім Бог прамаўляў да сэрца чалавека, але таксама месца спакус і выпрабаванняў, дзе Спакушальнік, выкарыстоўваючы людскія слабасці і патрэбы, спрабуе звесці на памылковы шлях. Менавіта на працягу сарака дзён у пустыні пачалася “дуэль” паміж Езусам і д’яблам, якая заверыцца Мукай і Крыжом.

“Усё служэнне Хрыста – гэта барацьба супраць злога ў яго розных праявах: аздараўленне хворых, выгнанне нячыстых духаў з апантаных, прабачэнне грахоў. Пасля першай фазы, калі Езус паказаў здольнасць прамаўляць і дзейнічаць моцай Бога, здавалася, што д’ябал узяў верх, калі Божы Сын быў адкінуты, пакінуты і нарэшце трапіў у няволю і быў асуджаны на смерць. Здавалася д’ябал перамог. На самой жа справе менавіта смерць стала апошняй “пустыняй”, якую трэба было пераадолець, каб канчаткова перамагчы сатану і вызваліць усіх ад яго ўлады”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што кожны год на пачатку Вялікага посту евангельскі ўрывак пра спакушэнне Езуса ў пустыні нагадвае нам, што жыццё хрысціяніна, гэта барацьба супраць духа зла. Ён паказвае, што Езус добраахвотна ўступіў у бой са Спакушальнікам і перамог яго; а ў той жа час нагадвае, што д’ябал мае магчымасць уздзейнічаць на нас праз спакусы.

“Мы павінны ўсведамляць прысутнасць гэтага хітрага ворага, зацікаўленага ў нашым вечным асуджэнні, у нашай паразе, а таксама рыхтавацца бараніцца ад яго і змагацца з ім. Праз веру, малітву і пакаянне Божая ласка забяспечыць нам перамогу над ворагам”, - запэўніў Папа.

Пантыфік заўважыў, што на працягу свайго жыцця Езус ніколі не вёў дыскусій з д’ябалам. Хрыстус не ўступаў у дыялог з ім, а заўсёды адказваў яму Божым словам. Папа заклікаў вернікаў наследаваць гэты прыклад. “Калі ўводзем у дыялог з д’яблам – пацерпім паразу”, - папярэдзіў ён.

Францішак падкрэсліў, што на працягу Вялікага посту Святых Дух запрашае таксама і нас, як Езуса, увайсці ў пустыню. Гаворка не ідзе пра фізічнае месца, але пра “экзістэнцыяльнае вымярэнне”, у якім можна суцішыцца і пачаць слухаць Божае слова, каб у нас адбылося сапраўднае навяртанне. “Не трэба баяцца пустыні”, - падкрэсліў Папа.

“Мы пакліканы крочыць па Божых сцежках, абнаўляючы нашы хросныя абяцанні: выракаючыся сатаны і ўсіх яго спраў і спакусаў. Вораг побач, будзем пільнымі і ніколі не будзем уступаць з ім у дыялог. Даверымся матчынаму заступніцтву Панны Марыі”, - сказаў на завяршэнне разважання Пантыфік.
 

21 лютага 2021, 12:15