Пошук

Vatican News
Францішак падчас сустрэчы з прадстаўнікамі карэнных народаў Амазоніі Францішак падчас сустрэчы з прадстаўнікамі карэнных народаў Амазоніі  (Vatican Media)

Францішак: салідарнасць як альтэрнатыва новаму каланіялізму

Папа скіраваў пасланне арганізатарам і ўдзельнікам V Міжнароднага форуму карэнных народаў. Сёлета ён праходзіць анлайн на тэму “Значэнне карэнных харчовых сістэм: устойлівасць у кантэксце пандэміі COVID-19”.

Арганізатарам сустрэчы выступіў Міжнародны фонд сельскагаспадарчага развіцця – адна са спецыялізаваных арганізацый ААН.

Францішак нагадаў пра агульнае для карэнных народаў і Касцёла перакананне, што “глабалізацыя не можа азначаць уніфармізму, які ігнаруе разнастайнасць і навязвае новы тып каланіялізму”. Задача заключаецца ў “стварэнні альтэрнатыў, заснаваных на салідарнасці, каб ніхто не адчуваў сябе пакінутым, але і ў ненавязванні ўласнага кірунку, лічачы яго адзіна правільным”. Бо мы добра ведаем, што "калі розныя меркаванні выяўляюцца і ўзаемна ўзбагачаюцца, зносіны паміж народамі квітнеюць і ўзмацняюцца”, - адзначыў Папа.

Ён заклікаў падтрымліваць "развіццё, якое не разглядае спажыванне як сродак або мэту, але шчыра клапоціцца пра навакольнае асяроддзе, прыслухоўваецца да яго, пазнае і паважае”.

“Гэта інтэгральная экалогія, у якой сацыяльная справядлівасць ідзе поруч з абаронай планеты. Толькі ў такім духу пакоры мы зможам убачыць поўную перамогу над голадам і грамадства, заснаванае на трывалых каштоўнасцях, якія з’яўляюцца пладамі не мімалётнай і неаб'ектыўнай моды, але справядлівасці і дабра”, - падкрэсліў Пантыфік.

Ён прапанаваў удзельнікам форуму заняцца тым, “што прыносіць карысць усім і што дазволіць нам прайсці праз гэты свет, пакінуўшы след самаахвярнасці і шчодрасці, а не людзей, параненых зямной іманентнасцю, знішчаных духоўнай пустэчай, паралізаваных самарэферэнтнасцю, сумных з прычыны індывідуалізму”.
 

03 лютага 2021, 10:38