Пошук

Vatican News
Падчас аўдыенцыі для журналістаў Catholic News Service Падчас аўдыенцыі для журналістаў Catholic News Service 

Францішак пра паездку ў Ірак, журналістыку і Касцёл у ЗША

Папа плануе паехаць у Ірак 5-8 сакавіка 2021 г., калі гэтаму не перашкодзіць новая хваля каронавіруса. Аб гэтым ён сказаў журналістам амерыканскага CNS, з якімі сустрэўся з нагоды юбілею каталіцкага агенцтва.

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што нават у выпадку яго візіту многім іракцам прыйдзецца назіраць за Папам толькі па тэлевізары, і прычынай усяму – эпідэмічныя абмежаванні.

Ролю каталіцкіх журналістаў сёння Пантыфік бачыць у садзейнічанні развіццю адзінства і дапамозе людзям “размаўляць адно з адным, думаць разам і шукаць шляхі братэрства”, бо “падзелены Касцёл не з’яўляецца Касцёлам”. “СМІ не дапамагаюць, калі падліваюць алей у агонь”, - лічыць Францішак.

Ён патлумачыў, што “адзінства – гэта не аднастайнасць” – можна быць адзінымі, нягледзячы на адрозненні. “Я думаю так, а вы інакш. Мы можам абмяркоўваць гэта, але толькі тады, калі ёсць адно сэрца”, - адзначыў Святы Айцец.

Ён прызнаў, што “традыцыяналісцкія групы” ёсць і ў Касцёле ў ЗША, і ў Ватыкане.

Пантыфік перасцярог журналістаў ад чатырох грахоў: дэзінфармацыі або дэманстрацыі толькі часткі гісторыі, паколькі для выяўлення ісціны неабходныя дэталі; “абгаворвання, якое з'яўляецца цяжкім грахом, бо разбурае рэпутацыю іншага”; паклёпу, які часта цягне за сабой публікацыю фактаў з мінулага чалавека, “нават калі яго жыццё змянілася”; “капрафіліі” – “любові да бруду” і скандалаў.

Папа прызнаўся, што з прычыны прыступаў радыкуліту ўрач рэкамендаваў яму адмяніць сустрэчы, на якіх яму даводзіцца доўга стаяць, бо нагрузка на ішыяс можа пагоршыць стан яго здароўя.

Адказваючы на пытанне аб яго меркаванні адносна Касцёла ў ЗША, Францішак заўважыў, што ён жывы і энергічны. Папа звярнуў асаблівую ўвагу на шырокую сетку каталіцкіх школ і намаганні католікаў дапамагчы мігрантам. “Гэты Касцёл “каталіцкі” ў сэнсе ўніверсальнасці дзякуючы міграцыі. Тое, што ён зрабіў для імігрантаў, – гэта цудоўна. Ён таксама вельмі шчодры ў дапамозе іншым і сціплы, таму што так шмат пацярпеў ад крызісу сексуальных злоўжыванняў. Гэта Касцёл, які моліцца. А яго недахопы вы ведаеце лепш за мяне”, - сказаў Святы Айцец, дадаўшы, што ён глядзіць на Касцёл у ЗША з надзеяй.
 

02 лютага 2021, 11:28