Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Папа прыняў даверчыя граматы новага пасла Уругвая

9 студзеня 2021 г. Папа прыняў даверчыя граматы новага пасла Уругвая. Ім стаў добра вядомы ў структурах Рымскай курыі ўругвайскі юрыст Гусман Карыкіры Лекур.

Пасля сустрэчы з Францішкам у Апостальскім палацы ў Ватыкане дыпламат быў прыняты кардыналам П’етра Паралінам, Дзяржаўным Сакратаром Яго Святасці Папы.

Гусман Карыкіры Лекур ужо шмат гадоў працуе ў Ватыкане. У 1974 г. Павел VI прызначыў яго членам Папскай рады па справах свецкіх, а ў 1977 г. кіраўніком аднаго з яе аддзелаў. Падчас пантыфікату св. Яна Паўла ІІ Лекур стаў падсакратаром гэтай дыкастэрыі. З 1984 г. прымаў удзел у арганізацыі Сусветных дзён моладзі.

У 2005 г. Бэнэдыкт XVI пацвердзіў уругвайскага юрыста на пасадзе, а ў 2011 г. прызначыў сакратаром Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі – структуры, якая разам з Кангрэгацыяй па справах біскупаў, каардынуе ўзаемадзеянне Апостальскай Сталіцы з Касцёлам у рэгіёне.

Францішак цесна супрацоўнічаў з Лекурам яшчэ падчас свайго служэння ў Буэнас-Айрэсе. У 2014 г. ён прызначыў уругвайца віцэ-старшынёй Камісіі па справах Лацінскай Амерыкі. Гусман Карыкіры Лекур стаў першым у гісторыі свецкім вернікам, які заняў такую высокую пасаду ў Рымскай курыі. Цяпер ён працягне супрацоўнічаць са Святым Айцом у якасці дыпламатычнага прадстаўніка сваёй краіны.
 

09 студзеня 2021, 12:29