Пошук

Vatican News
Францішак ля Сцяны плачу. Ілюстрацыйнае фота Францішак ля Сцяны плачу. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец за паглыбленне кантактаў з юдаізмам

Францішак выказаў надзею на братэрства і супрацоўніцтва з вызнаўцамі юдаізму. Дзень паглыблення і развіцця дыялогу паміж католікамі і юдэямі ў гэтым годзе адзначаецца ў Італіі ўжо ў 32-ы раз.

“Я рады гэтай ініцыятыве, якая рэалізуецца ўжо больш за трыццаць гадоў. Спадзяюся, што яна прынясе багаты плён братэрства і супрацоўніцтва”, - сказаў Папа 17 студзеня 2021 г. пасля малітвы “Анёл Панскі”.

Дзень юдаізму адзначаецца па ініцыятыве мясцовых епіскапатаў не толькі ў Італіі, але і ў Аўстрыі, Польшчы і Нідэрландах.

Пачынаючы з сакавіка 2020 г. каронавірус моцна абмежаваў магчымасці арганізацыі сустрэч, таму кантакты паміж суразмоўцамі абедзвюх рэлігій рэалізаваліся амаль выключна ў інтэрнэце.

Тым не менш самая важная падзея мінулага года адбылася перад абвяшчэннем пандэміі. Сусветны форум халакосту, нагодай для якога стала 75-я гадавіна вызвалення канцлагера Аўшвіц-Біркенаў, прайшоў 22-23 студзеня 2020 г. у Іерусаліме. У міжнароднай сустрэчы, арганізаванай Ізраілем у супрацоўніцтве з Еўрапейскім яўрэйскім кангрэсам і Мемарыяльным інстытутам Яд Вашэм у Іерусаліме, прынялі ўдзел 47 палітыкаў – кіраўнікоў дзяржаў, урадаў і міжнародных арганізацый. Дэлегацыю Апостальскай Сталіцы ўзначаліў кардынал Курт Кох, старшыня Камісіі па рэлігійных адносінах з юдаізмам.

Трэба нагадаць таксама, што з 2015 г. Святы Пасад рэгулярна бярэ ўдзел у сустрэчах Міжнароднага альянсу памяці ахвяр халакосту, да якога належыць больш за 30 краін.
 

18 студзеня 2021, 12:05