Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: катэхізацыя немагчыма без сведчання і асабістых адносін

Катэхізацыя павінна грунтавацца на Божым слове, прадугледжваць асабістыя адносіны, быць уважлівай да знакаў часу і адбывацца ў супольнасці, - падкрэсліў Пантыфік.

30 студзеня 2021 г. Папа прыняў на аўдыенцыі кіраўніцтва і супрацоўнікаў Катэхетычнай секцыі пры Канферэнцыі Біскупаў Італіі. Сустрэча была прымеркавана да 60-годдзя структуры.

Пантыфік заўважыў, што катэхізацыя – гэта рэха Божага слова і “прывілеяваная прастора” для спрыяння асабістай сустрэчы з Езусам Хрыстом, таму для яе важныя ўкаранёнасць у Святым Пісанні і асабістыя адносіны. “Не можа быць сапраўднай катэхізацыі без сведчання рэальных людзей”, - сцвердзіў ён.

Катэхеты пакліканы дзяліцца “прыгажосцю сустрэчы з Езусам”, быць людзьмі, якія захоўваюць у сабе памяць пра Бога і “здольныя абудзіць яе ў іншых”. Яны павінны “ставіць сваю памяць на службу абвяшчэнню: не для таго, каб паказаць сябе, казаць пра сябе, але пра Бога, Яго любоў, Яго вернасць”, - заўважыў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што для гэтага важна памятаць “пэўныя рысы прапаведавання, якія сёння з’яўляюцца ўсюды неабходнымі: яно павінна казаць пра збаўчую моц любові Бога, і толькі пасля пра маральныя і рэлігійныя абавязацельствы; не павінна навязваць праўды, але заклікаць да свабоды; павінна адзначацца радасцю, жыццёвай сілай і гарманічнай цэласнасцю, якая не дазволіць звесці прапаведаванне да некалькіх дактрын, часам больш філасофскіх, чым евангельскіх. Гэта патрабуе ад евангелізатара некаторых пастаў, якія дапамогуць лепш прыняць пасланне: даступнасць, адкрытасць на дыялог, цярплівасць, сардэчная ветлівасць, якая нікога не асуджае” (Evangelii gaudium, 165).

Паводле Францішка, катэхізацыя павінна быць скіраванай у будучыню, быць уважлівай да знакаў часу, заўсёды абнаўляцца, натхняючы ўсе сферы душпастырства. Папа заклікаў не баяцца прамаўляць на мове сучасных людзей, слухаць іх пытанні, быць уважлівымі да іх праблем, слабасцей і ваганняў. Ён заклікаў з мужнасцю працаваць над стварэннем новых катэхетычных прыладаў, каб “перадаваць кожнаму чалавеку багацце і радасць керыгмы, багацце і радасць прыналежнасці да Касцёла”.

Пантыфік звярнуў увагу на асаблівую важнасць супольнасці для катэхізацыі. Гаворка ідзе не проста пра “агламерат асобных людзей”, а пра сям’ю, у якую можна інтэгравацца, у якой людзі клапоцяцца адзін пра аднаго, у якой ёсць дыялог паміж пакаленнямі.

“Цяпер час, каб быць адкрытымі будаўнікамі супольнасці, здольнымі цаніць таленты кожнага. Цяпер час місійных, свабодных і бескарыслівых супольнасцей, якія не шукаюць значнасці і выгады, але крочаць шляхамі людзей нашага часу, схіляючыся над тымі, хто апынуўся на ўзбочыне. Цяпер час супольнасцей, якія глядзяць у вочы расчараванай моладзі, якія прымаюць чужынцаў і даюць надзею тым, хто ў роспачы. Цяпер час супольнасцей, якія вядуць дыялог без страху перад тымі, хто мае іншыя погляды. Цяпер час супольнасцей, якія, як Добры Самаранін, умеюць станавіцца блізкімі да параненых жыццём, каб са спагадай перавязваць іх раны”, - сцвердзіў Святы Айцец.
 

30 студзеня 2021, 12:16