Пошук

Vatican News
Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Пантыфік: збаўленне – дар, які патрабуе пакаяння

Кожны момант, кожнае імгненне нашага жыцця – гэта каштоўны час для таго, каб любіць Бога і бліжняга, і такім чынам увайсці ў вечнае жыццё, - сказаў Папа перад малітвай “Анёл Панскі” 24 студзеня 2021 г. у Ватыкане.

Пантыфік пракаментаваў евангельскі ўрывак, у якім Езус прапаведваў у Галілеі, кажучы: “Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле” (Мк 1,15). Ён заўважыў, што “споўнены” час – кульмінацыя збаўчай дзейнасці Бога, які паслаў свайго Сына ў свет, а Яго Валадарства стала як ніколі блізкім.

У той жа час Папа падкрэсліў, што збаўленне не адбываецца аўтаматычна. Яно з’яўляецца дарам любові і ў сілу гэтага патрабуе свабоднага адказу: гэта значыць прадугледжвае наша пакаянне.

“Гаворка ідзе пра змену ладу мыслення і змену жыцця: больш не наследаваць прыклады, якія дае свет, але Бога, які ёсць Езусам. Гаворка ідзе пра радыкальную змену поглядаў і паводзінаў. Насамрэч, грэх – у першую чаргу грэх марнасці, які як паветра пранікае паўсюль – прынёс у свет лад мыслення, схільны да самасцвярджэння коштам іншых і Бога”, - заўважыў Пантыфік.

Папа нагадаў, што пасланне Езуса супярэчыць усяму гэтаму. Яно запрашае нас прызнаць сябе “патрабуючымі Бога і Яго ласкі, мець ураўнаважаныя адносіны да зямных дабротаў, быць гасціннымі і пакорнымі да ўсіх, пазнаваць і рэалізоўваць сябе ў сустрэчы і служэнні іншымі”.

“Для кожнага з нас час, калі можам прыняць адкупленне, з’яўляецца кароткімі: ён адпавядае працягласці нашага жыцця ў гэтым свеце (…) Ён з’яўляецца дарам бясконцай любові Бога, але таксама і часам праверкі нашай любові да Яго. Таму кожны момант, кожнае імгненне нашага існавання – гэта каштоўны час для таго, каб любіць Бога і бліжняга, і такім чынам увайсці ў вечнае жыццё”, - падкрэсліў Францішак.

Пантыфік заўважыў, што кожная фаза нашага жыцця мае ўласную каштоўнасць і можа быць прывілеяванымі момантам для сустрэчы з Панам. “Вера дапамагае нам зразумець духоўнае значэнне гэтых перыядаў: кожны з іх утрымлівае асаблівае пакліканне Пана, на якое мы можам даць станоўчы ці адмоўны адказ. У Евангеллі мы бачым як адказалі Сымон, Андрэй, Якуб і Ян: яны былі дарослымі мужчынамі, працавалі рыбакамі, мелі сем’і… І тым не менш, калі Езус прайшоў і паклікаў іх, “пакінуўшы сеткі, адразу пайшлі за Ім” (Мк 1,18)”, - нагадаў Папа.

Завяршаючы разважанне Святы Айцец пажадаў, каб Панна Марыя “дапамагла нам пражываць кожны дзень, кожны момант, як час збаўлення” і пакаяцца, адмовіўшыся ад ладу мыслення гэтага свету на карысць логікі любові і служэння.
 

24 студзеня 2021, 12:39