Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: захоўваць тоеснасць, атрыманую падчас хросту

Бог аб’яўляецца ў кожным нашым жэсце служэння і ўчынку міласэрнасці, - нагадаў Святы Айцец падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая трансліравалася 10 студзеня 2021 г. з Ватыкана.

Папа спаслаўся на літургічныя чытанні на свята Хросту Пана, падкрэсліўшы, што некалькі дзён таму мы бачылі як да нованароджанага Дзіцятка Езуса прыйшлі мудрацы. Цяпер жа літургія паказвае Яго дарослым на беразе Ярдану.

“Літургія дапамагае нам зрабіць скачок у трыццаць гадоў – трыццаць гадоў, пра якія мы ведаем толькі тое, што гэта былі гады схававанага жыцця, якія Езус правёў у сям’і, спачатку ў Егіпце, як мігрант, а потым у Назарэце, у паслухмянасці бацькам, у вучобе і працы. Уражвае тое, што большую частку свайго часу на зямлі Пан правёў менавіта так, жывучы штодзённасцю, не аб’яўляючыся… Гэта цудоўнае пасланне для нас: нам адкрываецца веліч штодзённасці, важнасць кожнага жэсту і моманту жыцця ў вачах Бога, нават самага простага і нябачнага”, - сказаў Пантыфік.

Францішак нагадаў, што хрост у Ярдане быў пакаяльным абрадам, які выражаў жаданне навяртання і прабачэння грахоў. Езус не меў у гэтым патрэбы, але хацеў быць побач з грэшнікамі. Таму стаў у чаргу разам з імі і зрабіў такі самы жэст як і яны.

“У першы дзець свайго служэння Езус такім чынам уручае нам “праграмны маніфест”. Ён кажа, што не збаўляе нас звышыні, суверэнным рашэннем ці сілай, але выходзячы нам насустрач і беручы на сябе нашы грахі. Вось як Бог перамагае зло свету: прыніжаючыся і беручы яго цяжар на сябе. Такім самым чынам і мы можам падтрымаць іншых: не асуджаючы, не загадваючы, што рабіць, але становячыся блізкімі, спачуваючы, дзелячыся Божай любоўю. Блізкасць – стыль Бога ў адносінах да нас”, - дадаў Пантыфік.

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што прыніжэнне Езуса раскрыла неба і дазволіла аб’явіцца Тройцы. Святы Дух сышоў у выглядзе голуба і Айцец сказаў Езусу: “Ты Сын Мой, умілаваны”.

“Бог аб’яўляецца, калі з’яўляецца міласэрнасць, бо гэта Яго аблічча. Езус становіцца слугой грэшнікаў і абвяшчаецца Сынам; схіляецца да нас і Дух сыходзіць на Яго. Любоў выклікае любоў. Гэта адносіцца таксама да нас: у кожным жэсце служэння, у кожным учынку міласэрнасці, які здзяйсняем, Бог аб’яўляецца і скіроўвае свой позірк на свет”, - сказаў Францішак.

Папа падкрэсліў, што наша жыццё было пазначана міласэрнасцю менавіта ў дзень нашага хросту. У той жа час ён нагадаў, што таксама і неахрышчаныя могуць спазнаць міласэрнасць Пана. “Няхай Багародзіца, да якой мы зараз памолімся, дапаможа нам захаваць нашу хросную тоеснасць, якая знаходзіцца ў аснове нашай веры і жыцця”, - завяршыў разважанне Пантыфік.
 

10 студзеня 2021, 12:26