Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: стварэнне “эліт” не ўласціва Касцёлу

Святы Айцец скіраваў відэапасланне да арганізатараў Касцёльнай асамблеі краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна, якая пройдзе з 21 па 28 лістапада 2021 г. у Мехіка.

Форум на тэму: “Мы ўсе місійныя вучні, які выходзяць насустрач”, адбудзецца па ініцыятыве Канферэнцыі епіскапатаў краін Лацінскай Амерыкі (CELAM). Яго мэта заключаецца ў абмеркаванні сітуацыі лацінаамерыканскіх народаў, “аналізе выклікаў, якія стаяць перад кантынентам, наданні новага імпульсу душпастырскай дзейнасці, шукаючы новыя шляхі ў духу сінадальнасці”.

Асамблея пройдзе праз 14 гадоў пасля Генеральнай асамблеі епіскапатаў краін Лацінскай Амерыкі – знакавай падзеі для Касцёла ў гэтым рэгіёне, якая адбылася ў бразільскай Апарэсідзе.

Папа пажадаў, каб лістападаўскі форум адрозніваўся ад папярэдніх, у якіх галоўным чынам прымалі ўдзел біскупы. Важна ўключыць увесь Божы народ. Асамблея павінна стаць сустрэчай “свецкіх вернікаў, кансэкраваных асоб, святароў, біскупаў”, якія разам моляцца, размаўляюць, разважаюць, вядуць дыскусіі і шукаюць Божую волю, - сказаў ён.

Францішак выказаў пажаданне, каб Касцёльная асамблея не ператварылася ў пасяджэнне “эліты”, далёкай ад Божага люду. “Эліты” узнікаюць па-за Божым народам, яны кіруюцца ідэалогіямі, а гэта не ўласціва Касцёлу, у якім не павінна быць выключэння і падзелаў.

Святы Айцец звярнуў увагу арганізатараў форума на важнасць малітвы на этапе падрыхтоўкі, нагадваючы, што Пан знаходзіцца паміж намі, і важна пачуць Яго.
 

25 студзеня 2021, 10:19