Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Інтэнцыя Пантыфіка: маліцца аб братэрстве ў свеце

У адказ на ўсе выклікі, якія стаяць перад чалавецтвам, Святы Айцец просіць, каб людзі аб’ядналіся як браты і сёстры “з тымі, хто моліцца, хто належаць да іншых культур, традыцый і іншых рэлігій”.

Сваімі думкамі Францішак падзяліўся ў відэа, у якім асабіста абвясціў малітоўную інтэнцыю на студзень 2021 г. Як ён ужо неаднаразова падкрэсліваў, “альтэрнатывы няма: мы або будуем будучыню разам, або будучыні не будзе”, і “рэлігіі не могуць адмовіцца ад надзённай задачы па будаванні мастоў паміж народамі і культурамі”.

Шлях да братэрства, прапанаваны ў папскім відэа, пачынаецца з жадання “адкрыцца Айцу ўсіх і ўбачыць у іншым брата, сястру, каб дзяліцца жыццём і падтрымліваць адзін аднаго, любіць, пазнаваць адзін аднаго”. Пантыфік ужо выказваў гэтую ідэю ў сваёй апошняй энцыкліцы Fratelli tutti: толькі ўсведамленне таго, што мы не сіроты, а дзеці, дазваляе нам жыць у міры адно з адным. Папа перакананы, што адрозненні сярод людзей, якія вызнаюць розныя рэлігіі або жывуць у адпаведнасці з іншымі традыцыямі, не павінны перашкаджаць рэалізацыі культуры сустрэчы, бо ў рэшце рэшт “мы – браты і сёстры, якія моляцца”.

У пошуках гэтага духу братэрства Францішак таксама просіць не забываць, што “для хрысціян крыніца чалавечай годнасці і братэрства знаходзіцца ў Евангеллі Езуса Хрыста”. Ён заклікае вернікаў вярнуцца да таго, што вельмі важна для хрысціянства: “праслаўлення Бога і любові да бліжняга”. У дыялогу з іншымі рэлігіямі, як тлумачыць Папа ў Fratelli tutti, гэта становіцца асноватворным, бо ў той час як іншыя могуць чэрпаць з розных крыніц, для нас, хрысціян, самае галоўнае – “вярнуцца да сваіх крыніц і засяродзіцца на тым, што найбольш важна”.

“Молімся аб тым, каб Пан Бог даў нам ласку жыць у поўным братэрстве з братамі і сёстрамі, вызнаўцамі іншых рэлігій, молячыся адзін за аднаго, з адкрытасцю для ўсіх”, - агучыў Францішак сваю малітоўную інтэнцыю на бягучы месяц.
 

06 студзеня 2021, 08:55