Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Пантыфік: свет патрабуе адзінства, каб пераадолець крызіс

Пра важнасць адзінства для пераадолення актуальнага крызісу нагадаў Святы Айцец падчас інтэрв’ю італьянскаму Canale 5, якое выйшла ў эфір вечарам 10 студзеня 2021 г.

Каментуючы сітуацыю, выкліканую пандэміяй, Папа заўважыў, што з крызісу немагчыма выйсці не змяніўшыся. “Мы выйдзем з яго лепшымі або горшымі”, таму “неабходна пераглядзець усё”. Ён звярнуў увагу на шэраг драматычных сітуацый, пачынаючы ад праблемы голаду і пашырэння непісьменнасці і заканчваючы войнамі ў розных частках планеты.

“Статыстычныя дадзеныя ААН у гэтым кантэксце моцна палохаюць”. “Калі мы выйдзем з крызісу, але не ўбачым усе гэтыя рэчы, такое выйсце стане яшчэ адной паразай, нават горшай”, - папярэдзіў Святы Айцец.

Францішак перакананы, што з этычнага пункту гледжання прышчэпку ад каронавіруса павінны зрабіць усе. “Гэта не проста магчымасць, а этычны выбар”, бо ад яго залежыць таксама жыццё іншых людзей. Папа распавёў, што ўжо “запісаўся” на вакцынацыю, якая ў бліжэйшыя дні павінна пачацца ў Ватыкане. Ён зазначыў, што не разумее “самазабойчага негацыянізму” ў гэтым пытанні.

Паводле Пантыфіка, цяпер настаў час, каб падумаць пра “нас” і часова забыць пра ўласнае “я”. “Мы збавімся ўсе або не збавіцца ніхто”, - сказаў ён. Францішак заклікаў адкрыць важнасць братэрства і нагадаў, што галоўны вораг блізкасці паміж людзьмі, гэта “культура абыякавасці”. “Абыякавасць забівае нас, бо аддаляе”, - патлумачыў Святы Айцец.

Гаворачы пра ролю “кіруючага класу” у актуальным кантэксце Папа звярнуў увагу на яго адказнасць за пошук адзінства ва ўмовах крызісу. “Палітык, пастыр, хрысціянін, католік, біскуп, святар, які няздольны казаць “мы”, але кажа “я”, не адпавядае патрабаванням сітуацыі”, - падкрэсліў Францішак. Ён перакананы, што зараз неабходна “адправіць у адпачынак” канфлікты ў краіне, Касцёле і грамадстве.

Паводле Папы, пандэмія яшчэ больш абвастрыла “культуру спісання ва ўтыль” слабых людзей, бедных, мігрантаў і пажылых людзей. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на ўплыў гэтай з’явы на ненароджаных дзяцей. “Праблема аборту – гэта не рэлігійная праблема, а чалавечая, дарэлігійная, гэта праблема чалавечай этыкі” і толькі затым рэлігійная, - сказаў Францішак. На яго думку, гаворка ідзе пра праблему, якую “таксама і атэіст павінен вырашыць у сваім сумленні”. Важна адказаць на пытанне пра тое, “ці дапушчальна знішчэнне чалавечага жыцця для вырашэння якой-кольвечы праблемы? Ці дапушчальна наймаць кілера для вырашэння праблемы?”.

Святы Айцец прызнаўся, што ў сувязі з існуючымі абмежаваннямі, звязанымі з барацьбой з каронавірусам, адчувае сябе зняволеным. Ён выказаў шкадаванне з-за адмененых падарожжаў і падзяліўся надзеяй на тое, што ў сакавіку зможа наведаць Ірак. Папа распавёў, што цяпер прысвячае больш часу малітве. Ён падкрэсліў, што лічыць веру сапраўдным дарам, які немагчыма купіць ці здабыць уласнымі сіламі, а можна толькі атрымаць ад Пана.
 

11 студзеня 2021, 09:22