Пошук

Vatican News
Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: здольнасць слухаць – першая форма ласкавасці

Пра важнасць здольнасці слухаць, нагадаў Святы Айцец у прадмове да кнігі маладога італьянскага паэта Лукі Міланэзі “Нечаканыя рыфмы” (Rime a sorpresa).

Францішак заўважыў, што аўтар зборніку вершаў стаў носьбітам прыгажосці, якая з’яўляецца досведам, а не “плёнам цяжкой працы над важнай тэмай ці дасканала падабранымі разумнымі словамі”.

Прыгажосць у паэзіі ўзнікае, як “спантанная здольнасць паказваць з дапамогай слушных слоў уласны ўнутраны свет і сувязі там, дзе на першы погляд іх не існуе”. Папа падкрэсліў, што Лука Міланэзі мае “духоўны позірк”, які падштурхоўвае глядзець на сябе, іншых людзей і на Бога і “заўважаць у здаецца звычайных рэчах новую глыбіню”.

Святы Айцец нагадаў, што паэзія патрабуе гатоўнасці слухаць, а “слуханне – гэта першая форма ласкавасці”. Гаворка ідзе пра здольнасць ствараць унутры сябе прастору для чагосьці новага, адметнага, на першы погляд супярэчнага, каб потым пераканацца, што ўсё “гэта яшчэ больш сапраўднае, чым іншае”.

Паводле Францішка, калі ў наш час стала менш паэзіі, гэта не таму што стала менш прыгажосці, але таму што зменшылася наша здольнасць слухаць. Пантыфік пажадаў маладому італьянскаму аўтару праз яго творы “станавіцца прыладай прыгажосці і пяшчотнасці”, а таксама “заахвочваць моладзь раскрываць тыя таленты, якія Бог пасеяў у іх, і якія яны часам баяцца прадэманстраваць з-за страху перад суджэннем і няўдачай”.
 

22 студзеня 2021, 11:29