Пошук

Vatican News
Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Францішак: малітва праслаўлення Бога – чыстае паветра для душы

Пра важнасць малітвы праслаўлення, асабліва ў жыццёвых выпрабаваннях, нагадаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі. Наша праслаўленне не дабаўляе Яму велічы, але нас саміх вядзе да збаўлення.

Францішак нагадаў, што пасля першых цудаў і ўключэння вучняў у абвяшчэнне Божага Валадарства, місія Месіі, здавалася, перажывала крызіс. Нават Ян Хрысціцель засумняваўся: “Ты той, які мае прыйсці, ці чакаць нам іншага?” (Мц 11,3).

Папа заўважыў, што ў такой сітуацыі Езус не скардзіўся Айцу, але ўзносіў да Яго хвалу: “Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям”. Збаўца славіць Айца за тое, кім Ён ёсць: Яго Айцом і Панам неба і зямлі, а таксама за тое, што Ён аддае перавагу малым. Езус мог асабіста пераканацца ў гэтым, калі прапаведаваў: “мудрыя” і “разумныя” заставаліся недаверлівымі і закрытымі, а “малыя” адкрываліся і прымалі пасланне.

“Мы таксама павінны радавацца і праслаўляць Бога за тое, што пакорныя і простыя людзі прымаюць Евангелле. Я радуюся, калі бачу простых і сціплых людзей, якія ходзяць у пілігрымкі, моляцца, спяваюць, праслаўляюць, калі бачу людзей, якім, магчыма, шмат чаго нестае, але пакора вядзе іх да праслаўлення Бога. У будучыні свету і ў надзеі Касцёла заўсёды прысутнічаюць “малыя”: людзі, якія не хваляцца тым, што лепшыя за іншых, якія ўсведамляюць свае абмежаванні і грахі, якія не жадаюць панаваць над іншымі, якія прызнаюць сябе братамі ў Богу Айцу”, - заўважыў Папа 13 студзеня 2021 г.

Спасылаючыся на крытычную сітуацыю, у якой Езус праслаўляў Бога Айца, Пантыфік заклікаў усіх глядзець іншымі вачыма на свае асабістыя паразы, на сітуацыі, калі прысутнасць і дзейнасць Бога застаецца незаўважнай, калі здаецца, што зло пераважае і няма магчымасці спыніць яго.

Езус, калі, здавалася, была прычына прасіць тлумачэнняў у Айца, пачынаў Яго праслаўляць. Гэта можа здавацца супярэчнасцю, але гэта праўда, - звярнуў увагу Францішак. Ён нагадаў, што Бог не патрабуе нашага праслаўлення, бо гэта не ўмацоўвае Яго велічы: праслаўляючы Бога, мы ідзём да збаўлення.

“Парадаксальным чынам малітва праслаўлення павінна практыкавацца не толькі тады, калі жыццё напоўнена шчасцем, але асабліва ў складаныя моманты, у цёмныя моманты, калі дарога пачынае ісці ўгару. Гэта таксама час для праслаўлення... Мы вучымся, што дзякуючы гэтаму ўздыму, цяжкай дарозе, нязручнаму шляху, складаным пераходам прыходзім да новай панарамы, больш шырокага далягляду”, - патлумачыў Святы Айцец.

“Праслаўляць – гэта як удыхаць чыстае паветра: яно ачышчае душу, дазваляе бачыць далёка, не заставацца ў няволі складанага моманту, цемры цяжкасцей”, - дадаў ён.

У якасці прыкладу малітвы праслаўлення Папа прывёў “Гімн брату сонцу” св. Францішка Асізскага. Ён нарадзіўся не ў хвіліны радасці і дабрабыту, а наадварот, у час нястачы. Св. Францішак быў ужо амаль сляпы, самотны, разумеў, што свет не змяніўся дзякуючы яго прапаведаванню, што людзі працягваюць канфліктаваць, што смерць набліжаецца. Гэта мог быць момант расчаравання, але менавіта пасярод смутку і цемры ён маліўся, кажучы: “Будзь праслаўлёны, Пане мой...”

“Францішак праслаўляў Бога за ўсё, за ўсе дары стварэння, і нават за смерць, якую з адвагай называў “сястрой”, “сястрой смерцю”. Гэты прыклад праслаўлення Бога ў складаныя моманты, які нам даюць святыя хрысціяне, а таксама Езус, адкрывае перад намі вялікі шлях, што вядзе да Пана і пастаянна нас ачышчае. Праслаўленне ачышчае заўсёды”, - заўважыў Святы Айцец.

Завяршаючы разважанне, Францішак нагадаў, што Бог заўсёды застаецца верным Сябрам чалавека, а Яго любоў не прамінае ніколі, што і павінна быць матывацыяй для нашай малітвы праслаўлення.
 

13 студзеня 2021, 11:22