Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: аб’яднаць намаганні ў дапамозе хворым на праказу

Папа скіраваў заклік у сувязі з Сусветным днём дапамогі хворым на праказу, які быў устаноўлены ў 1954 г. па ініцыятыве французскага журналіста, пісьменніка і паэта, Слугі Божага Раўля Фолеро.

Пасля малітвы “Анёл Панскі”, якая 31 студзеня 2021 г. прайшла ў Ватыкане, Пантыфік запэўніў у блізкасці ўсіх, хто пакутуе ад гэтай хваробы, і выказаў падтрымку місіянерам, медыцынскім работнікам і валанцёрам, якія ім служаць.

“Пандэмія пацвердзіла наколькі важна бараніць права на здароўе найбольш уразлівых людзей: заклікаю кіраўнікоў дзяржаў аб’яднаць намаганні на карысць лячэння пакутуючых ад хваробы Хансена і іх сацыяльнай інтэграцыі”, - сказаў Святы Айцец.

Спецыяльнае пасланне з нагоды Сусветнага дня дапамогі хворым на праказу скіраваў таксама прэфект ватыканскай Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Кардынал Пітэр Тарксан падкрэсліў, што праказа – гэта хвароба, якая лечыцца, але барацьба з ёй павінна ўключаць не толькі медыцынскую дапамогу. Неабходна таксама выкараніць сацыяльную стыгматызацыю, якая часта спадарожнічае гэтай цяжкой хваробе, і прадугледзіць цэласную рэабілітацыю людзей.

Іерарх заўважыў, што на лацінскай мове і “аздараўленне” і “збаўленне” можна назваць адным словам – “salus”, а Хрыстус вяртаў людзям не толькі здароўе, але таксама і годнасць. “Бог жадае аздаравіць усіх людзей і ўсяго чалавека. Такім жа чынам цэласнае здароўе прадугледжвае асабістае і сацыяльнае вымярэнне, уключае ў сабе і духоўную прыроду асобы, а не толькі фізічную”, - сцвердзіў прэфект.

Ватыканскі іерарх зазначыў, што медыцынская дапамога павінна ахопліваць не толькі фізічныя разлады асобы, але мець таксама сацыяльнае і псіхалагічнае вымярэнне. Клопат пра здароўе прадугледжвае “прафілактыку, дыягностыку, тэрапію і рэабілітацыю для лепшай фізічнай, псіхалагічнай, сацыяльнай і духоўнай ураўнаважанасці і дабрабыту асобы”.

Кардынал Тарксан заклікаў садзейнічаць сацыяльнай інклюзіўнасці і інтэграцыі хворых і членаў іх сем’яў. “Не ўсе маюць здольнасці і кампетэнцыі для лячэння праказы і хваробы Хансена, але кожны ў стане прасоўваць культуру сустрэчы, якая вядзе на аздараўлення і ментальнага дабрабыту людзей, што пакутуюць ад гэтай трывожнай хваробы”, - напісаў у сваім пасланні прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.
 

31 студзеня 2021, 13:43