Пошук

Vatican News
Папа падчас св. Імшы ва ўрачыстасці Аб’яўлення Пана Папа падчас св. Імшы ва ўрачыстасці Аб’яўлення Пана 

Францішак у Аб’яўленне Пана: зазірнуць за межы бачнага

Бог варты глыбокай пашаны, бо толькі Ён задавальняе патаемнае жаданне вечнасці і жыцця, - адзначыў Францішак 6 студзеня 2021 г. раніцай падчас урачыстай св. Імшы ўрачыстасці Аб’яўлення Пана.

У сваёй гаміліі Святы Айцец разважаў над евангельскім фрагментам, у якім мудрацы, дасягнуўшы Бэтлеема, пакланіліся Дзіцяці. Пакланяцца Пану нялёгка, адзначыў Папа: для гэтага патрабуецца не спантаннасць, а духоўная сталасць. Калі чалавек не пакланяецца Богу, ён пачне пакланяцца ідалам. У наш час хрысціяне павінны больш часу прысвячаць адарацыі і сузіранню Пана, і ў гэтым могуць дапамагчы літургічныя чытанні, а менавіта дзеясловы “ўзняць вочы”, “адправіцца ў шлях” і “ўбачыць”.

Калі мы ўздымаем позірк да Бога, жыццёвыя праблемы нікуды не знікаюць, але Ён дорыць нам сілы супрацьстаяць ім.

Першы выраз, адзначыў Пантыфік, нам прапануе прарок Ісая. Да супольнасці Ерузалема, якая нядаўна вярнулася з палону, прарок звяртаецца з моцным заклікам: “Узнімі вочы свае і паглядзі навокал” (Іс 60, 4). Гэта запрашэнне адкінуць стомленасць і скаргі, вызваліцца ад унутранай дыктатуры.

Каб пакланяцца Пану, трэба перш за ўсё звянуць на Яго свой позірк: не рабіць з праблем і цяжкасцей цэнтр жыцця, бо гэта спараджае ў нас страх, гнеў, смутак і дэпрэсію. І гаворка не пра адмаўленне рэальнасці, а пра неабходнасць смелага акту даверу да Бога, Які клапоціцца пра ўсіх. Хрыстус верны сваім абяцанням і ніколі нас не пакідае: Слова сталася целам, і яно знаходзіцца з намі заўсёды, кожнае імгненне. Калі мы ўздымаем позірк да Бога, жыццёвыя праблемы нікуды не знікаюць, але Ён дорыць нам сілы супрацьстаяць ім. Такім чынам, “ўзняць вочы” – гэта першы крок да ўдзячнага і радаснага праслаўлення Бога, - падкрэсліў Святы Айцец.

Жыццё – гэта не дэманстрацыя ўменняў, а шлях да Таго, хто бясконца любіць нас.

Другі ўрок, які можа нам дапамагчы, – гэта падарожжа. Перш чым пакланіцца Дзіцятку ў Бэтлееме, мудрацам прыйшлося прайсці доўгі і нялёгкі шлях. Падарожжа заўсёды пераўтварае, змяняе, узбагачае ведамі і духоўным досведам, умацоўвае волю ў пераадоленні нягод. Мы не можам праслаўляць Пана, не прайшоўшы спачатку праз унутранае сталенне, якому спрыяе падарожжа.

Чалавек у пяцьдзясят гадоў пакланяецца Богу інакш, чым у трыццаць, адзначыў Папа; прымаючы Божую ласку, наш унутраны чалавек абнаўляецца дзень за днём, сэрца ачышчаецца і становіцца больш пакорным. З гэтага пункту гледжання няўдачы, крызісы, памылкі могуць стаць павучальным вопытам: нярэдка яны дапамагаюць усвядоміць, што толькі адзін Бог варты глыбокай пашаны, бо толькі Ён задавальняе патаемнае жаданне вечнасці і жыцця. Беручы прыклад з мудрацоў, адзначыў Францішак, мы таксама не павінны дазваляць стоме, падзенням і няўдачам збіць нас з шляху. Жыццё – гэта не дэманстрацыя ўменняў, а шлях да Таго, хто бясконца любіць нас.

Каб пакланяцца Пану, трэба “бачыць” за заслонай бачнага, якое нярэдка аказваецца зманлівым

Нарэшце, трэці ўрок святочнай літургіі – “убачыць”. Евангеліст піша, што мудрацы, “увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго, і ўпалі, і пакланіліся Яму” (Мц 2, 10-11). Яны паўтарылі жэст, прызначаны для вялікіх князёў, хоць перад іх вачыма была толькі бедная сям’я. Мудрацы здолелі “зазірнуць” за межы бачнага: яны выказалі сваё ўнутранае пакланенне, ахвяру сваіх сэрцаў, вонкава пазначыўшы яе прынесенымі дарамі. Каб пакланяцца Пану, трэба “бачыць” за заслонай бачнага, якое нярэдка аказваецца зманлівым, - адзначыў Папа.

Мудрацы валодалі “тэалагічным рэалізмам”: яны ўспрымалі рэальнасць аб'ектыўна, разумеючы, што Бог пазбягае любой параднасці. Такі погляд, які выходзіць за межы бачнага, дапамагае сузіраць Пана, часта схаванага ў простых жыццёвых сітуацыях, у пакорлівых і адрынутых людзях.

У канцы гаміліі Францішак узнёс малітву, каб Бог зрабіў нас Сваімі сапраўднымі вызнаўцамі, здольнымі жыццём дэманстраваць Яго план любові, які ахоплівае ўсё чалавецтва.
 

06 студзеня 2021, 12:22