Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Францішак пра спорт: чыстая параза лепшая ад бруднай перамогі

Папа падзяліўся сваімі поглядамі на спорт у шырокім інтэрв’ю італьянскай Gazzetta dello Sport. Ён падкрэсліў, што спорт і духоўнасць нясуць шмат падобнага: запал, метад, намаганні, фантазію і настойлівасць.

Францішак рашуча асудзіў допінг: той, хто незаконна дапамагае іншым, разбурае іх годнасць і паддаецца спакусе “абрабаваць Бога з той асаблівай іскры, якую Ён даў некаторым людзям у сваім плане”. У наступным годзе ён пажадаў чалавецтву выбіраць паміж чыстай паразай і бруднай перамогай першую.

“Паміраеш не тады, калі цябе перамагаюць, паміраеш тады, калі здаешся, калі перастаеш змагацца”

“У спорце, як і ў веры, недастаткова аднаго таленту; талент трэба фарміраваць і трэніраваць”, - заўважыў Святы Айцец. “Езус – патрабавальны трэнер: калі ты марнуеш свой талент, ты не ў Яго камандзе”, - дадаў ён. У спорце камандны дух важны, як і ў хрысціянстве. І спартсмены, і святыя маюць аднолькавы погляд на ахвяру і адрачэнне: “аскетызм падобны на жыццё на мяжы: ты лепш бачыш і разумееш цэнтр”.

Адказваючы на пытанне аб перамозе і паразе, Папа прызнаўся, што яго стаўленне неадназначнае: ён лічыць, што тыя, хто прывык перамагаць, спакушаюцца думаць аб сваёй непераможнасці, і што “перамога часам можа быць прычынай іх пыхі”. Паразы ж патрабуюць рахунку сумлення і аналізу. Ён дадаў, што бедныя – гэта прыклад таго, як працягваць ісці далей. “Паміраеш не тады, калі цябе перамагаюць, паміраеш тады, калі здаешся, калі перастаеш змагацца”, - заўважыў Францішак.

“Я павінен разумець, што гуляю ў камандзе, дзе апошняе слова за Капітанам”

Сакрэт кожнай перамогі, не толькі ў спорце, заключаецца ў падтрыманні парадку ў душы. Папа нагадаў пра рэкалекцыі, 30-дзённыя духоўныя практыкаванні, якія кожны езуіт праходзіць некалькі разоў у сваім жыцці. Падчас такіх практыкаванняў вы можаце “выявіць нечаканыя рэсурсы і выкарыстоўваць іх пазней у гульні”.

На пытанне пра свайго суайчынніка – футбольную зорку, нядаўна памерлага Дыега Марадону, Папа з Аргенціны згадаў яго як “вельмі далікатнага чалавека”, які “быў паэтам на футбольным полі”. Мала хто ведаў, што Марадона падтрымліваў дабрачынныя фонды, у тым ліку Scholas Occurentes. З гэтай нагоды Пантыфік узгадаў яшчэ адну легендарную постаць, італьянскага веласіпедыста Джына Барталі, які падчас трэніровак у перыяд Другой сусветнай вайны таемна развозіў італьянскім яўрэям падробленыя дакументы, каб абараніць іх ад дэпартацыі ў канцлагеры.

Францішак “па-спартыўнаму” прызнаўся, што сілы ў яго папскім служэнні яму дае малітва. “Я павінен разумець, што гуляю ў камандзе, дзе апошняе слова за Капітанам. Малюся аб тым, каб лепш зразумець словы, якія Ён праз мяне хоча сказаць людзям”, - сказаў Пантыфік.

Таксама яму дапамагаюць цесныя кантакты з беднымі. “Калі надыходзіць вечар, я думаю пра ўсіх бедных, якія спяць пад каланадай плошчы св. Пятра. Іх трываласць – гэта маё натхненне, іх прысутнасць – мая абарона. У іх неабароненасці прысутнічае Бог. Ён ніколі не здаецца, нават перад маёй слабасцю”, - сказаў Святы Айцец.
 

04 студзеня 2021, 12:34