Пошук

Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" у Ватыкане Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" у Ватыкане 

“Анёл Панскі”: спазнаць сілу Божага слова

Слухаць слова Езуса і ісці за Ім, каб спазнаць у жыцці знакі Яго збаўлення, - заклікаў Францішак перад малітвай “Анёл Панскі”, якая 31 студзеня 2021 г. прайшла ў Ватыкане.

Пантыфік пракаментаваў евангельскі ўрывак (пар. Мк 1,21-28), які распавядае пра “тыповы дзень” служэння Езуса: у шабат, дзень, прысвечаны адпачынку і малітве, Хрыстус чытаў і каментаваў Святое Пісанне ў сінагозе Кафарнаума. Прысутных здзіўляла тое, як прапаведваў Езус, бо Ён прамаўляў з “уладай”, якой не мелі кніжнікі. Акрамя таго, Езус прадэманстраваў сваю магутнасць таксама ва ўчынках, калі выгнаў нячыстага духа з чалавека.

Францішак падкрэсліў, што тут бачныя два элементы, уласцівыя дзейнасці Езуса: прапаведванне і цудатворныя справы аздараўлення. Евангеліст Марк асабліва вылучаў першы з гэтых аспектаў, а экзарцызм паказваў як пацвярджэнне выключнай “улады” Езуса і Яго вучэння.

Пантыфік патлумачыў, што Езус прапаведваў з уладай, “чэрпаючы вучэнне з Сябе” і гэта кранала сэрцы людзей. Кніжнікі ж толькі “паўтаралі папярэднія традыцыі і перададзеныя законы”. “Вучэнне Езуса мела ўладу самога Бога, які прамаўляў”, таму адным толькі загадам Ён вызваліў апанаванага ад нячыстага духа і аздаравіў яго.

Святы Айцец заўважыў, што мэтай прапаведвання Езуса была перамога над злом, прысутным у чалавеку і свеце. “Яго слова было непасрэдна скіравана супраць валадарства д’ябла, увяло яго ў крызіс, прымусіла адступіць, абавязала выйсці са свету”, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што апанаваны нячыстым духам чалавек, “вызваліўся і ператварыўся ў новую асобу”, бо “прапаведванне Езуса належыць да логіцы, якая супрацьлеглая логіцы свету і злога: Яго словы пераварочваюць памылковы парадак рэчаў”.

“Нячысты дух, прысутны ў апанаваным, закрычаў, калі Езус наблізіўся: “Што Табе да нас, Езус Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас?”. Гэтыя словы ўказваюць на абсалютную чужасць паміж Езусам і сатаной: яны знаходзяцца на цалкам розных узроўнях; паміж імі няма нічога супольнага; адзін супрацьлеглы другому”, - сцвердзіў Пантыфік.

“Будзем і мы слухаць словы Езуса, якія маюць уладу: заўсёды, не забываючы пра гэта! Насіце ў кішэні ці сумцы маленькі асобнік Евангелля, каб чытаць яго на працягу дня, каб слухаць гэта моцнае слова Езуса”, - заклікаў Папа.

Пантыфік нагадаў, што Панна Марыя заўсёды захоўвала ў сваім сэрцы словы і ўчынкі Езуса, наследавала Яго з поўнай адкрытасцю і вернасцю. “Няхай Яна дапаможа таксама і нам слухаць Яго і ісці за Ім, каб спазнаць у нашым жыцці знакі Яго збаўлення”, - пажадаў Святы Айцец на заканчэнне свайго разважання.
 

31 студзеня 2021, 12:47