Пошук

Vatican News
Папа ўручае місійны крыж. Ілюстрацыйнае фота Папа ўручае місійны крыж. Ілюстрацыйнае фота 

Абнародавана пасланне Пантыфіка на Сусветны дзень місій

“Усё ў Хрысце нагадвае нам, што свет, у якім жывём, і яго патрэба ў збаўленні нам не чужыя, і кліча нас адчуваць сябе актыўнай часткай гэтай місіі”, - напісаў Папа ў пасланні на 95-ты Сусветны дзень місій.

Дакумент пад назвай “Мы не можам маўчаць пра тое, што бачылі і чулі” (Дз 4, 20), быў падпісаны Францішкам 6 студзеня 2021 г., у свята Хросту Пана.

У пасланні Пантыфік нагадаў, што гісторыя евангелізацыі пачалася з заўзятага пошуку Бога, які кліча і хоча весці з кожным чалавекам “дыялог сяброўства” (гл. Ян 15, 12-17). Гэты досвед – нібы “палаючы агонь” Божай прысутнасці ў нашых сэрцах, які штурхае да місіі, нават калі часам выклікае пакуты і неразуменне (гл. Ер 20, 7-9).

“Любоў заўсёды прабывае ў руху і прыводзіць нас у рух, каб дзяліцца найпрыгажэйшым пасланнем і крыніцай надзеі: “Мы знайшлі Месію” (Ян 1,41)”

, - напісаў Святы Айцец.

Разам з Езусам мы ўбачылі, што рэчаіснасць можа быць іншай. Ён распачаў на зямлі новыя часы, нагадаўшы, што “мы створаны для паўнаты, якой можна дасягнуць толькі ў любові” (Fratelli tutti, 68). Гэтая праўда нараджае веру, здольную надаваць імпульс ініцыятывам і фарміраваць супольнасць, чулую да людской уразлівасці, здольную пашыраць братэрства і сацыяльнае сяброўства, - падкрэсліў Папа.

Ізноў спаслаўшыся на вопыт першай хрысціянскай супольнасці, Францішак заўважыў, што свой шлях веры яна распачынала ў “варожым і цярністым” асяроддзі, “аднак замест таго, каб стаць цяжкасцю ці перашкодай, якая магла б прымусіць знеахвоціцца або замкнуцца ў сабе, яно падштурхнула да таго, каб перамяняць любую непрыемнасць, супярэчнасць або цяжкасць у магчымасць для місіі”.

“Абмежаванні і перашкоды станавіліся прывілеяваным месцам для таго, каб намасціць усё і ўсіх Духам Пана. Нішто і ніхто не маглі застацца няўдзельнымі ў адносінах да вызваленчага паслання”

, - падсумаваў Пантыфік.

Жывое сведчанне ўсяго гэтага знаходзім у кнізе Дзеяў Апосталаў, якая “вучыць нас пражываць выпрабаванні, прытуліўшыся да Хрыста, каб прыйсці да ўсведамлення таго, што “Бог можа дзейнічаць у любых абставінах, нават сярод бачных няўдач”, і ўпэўненасць у тым, што “калі хтосьці ахвяруе сябе i аддае сябе ў любові Богу, напэўна прынясе багаты плён (пар. Ян 15,5)” (Evangelii gaudium, 279), - гаворыцца ў пасланні.

Час, у які мы жывём, таксама няпросты, адзначыў Папа, бо пандэмія “выявіла і ўзмацніла боль, адзіноту, беднасць і несправядлівасць, ад якіх яшчэ раней многія пакутавалі, і выкрыла нашую ілжывую ўпэўненасць, падзеленасць і палярызацыю, якія нас маўкліва мучаць”.

“У гэты час пандэміі, перад абліччам спакусы прыкрыць і апраўдаць абыякавасць і апатыю здаровым сацыяльным дыстанцыраваннем, тэрмінова неабходна місія спагады, здольнай ператварыць патрэбную дыстанцыю месцам сустрэчы, клопату і развіцця”

, - сцвердзіў Святы Айцец.

На яго думку, у сучасных умовах “існуе тэрміновая неабходнасць у місіянерах надзеі, якія, намашчаныя Панам, былі б здольныя па-прарочы нагадваць, што ніхто не збаўляецца паасобку”.

“Як хрысціяне, мы не можам трымаць Пана толькі для саміх сябе: евангелізацыйная місія Касцёла выяўляе свой цэльны і агульнадаступны характар у перамяненні свету і ахове стварэння”, - напісаў Святы Айцец.

Тэма сёлетняга Сусветнага дня місій – гэта, па словах Папы, запрашэнне да адкрытасці і больш шырокага распаўсюджвання таго, што мы нясём у сваіх сэрцах, бо з прычыны ізаляцыі і або замкнёнасці ў малых групах “жыццё веры слабее, губляе прароцтва і здольнасць здзіўляцца і дзякаваць”.

“Жыць місіяй – значыць асмельвацца развіваць пачуцці Езуса Хрыста і верыць разам з Ім, што чалавек, які знаходзіцца побач, – гэта мой брат і мая сястра. Няхай Яго спагадлівая любоў абудзіць нашыя сэрцы і ўчыніць усіх нас вучнямі-місіянерамі”, - пажадаў папа Францішак.

Каталіцкі Касцёл адзначае Сусветны дзень місій у перадапошнюю нядзелю кастрычніка, якая ў 2021 г. прыпадае на 24 кастрычніка.
 

29 студзеня 2021, 12:10