Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканскі іерарх: ад сям’і залежыць лёс чалавецтва

Разважаць аб сям’і – значыць казаць пра лёс усяго чалавецтва, - лічыць Вялікі канцлер Папскага тэалагічнага інстытута навук аб сужэнстве і сям’і імя Яна Паўла ІІ і старшыня Папскай акадэміі жыцця.

Каментуючы абвяшчэнне Францішкам Спецыяльнага года сям’і, прысвечанага рэфлексіі над Апостальскай адгартацыяй Amoris laetitia, арцыбіскуп Вінчэнца Палья заўважыў, што мэта ініцыятывы заключаецца ў тым, каб даць імпульс сямейнаму душпастырству, убачыць у сям’і рэсурс для ўсяго грамадства, знайсці адказы на праблемныя пытанні.

“Год, які Папа хоча прысвяціць сям’і, супадае з надзеяй на заканчэнне пандэміі, дзякуючы з’яўленню вакцыны. Насамрэч, у гэты перыяд сям’я, няглядзячы на ўсе яе абмежаванні, аказалася самай моцнай рэчаіснасцю: ў ёй здолелі знайсці суцяшэнне і падтрымку многія людзі”, - падкрэсліў іерарх.

Пандэмія паказала, што ніхто не можа збавіцца ў адзіночку і ўсе маюць патрэбу адзін у адным. “Гэты досвед, ва ўсім яго драматызме, з’яўляецца вялікім урокам, які дапамагае нам лепш зразумець каштоўнасць сям’і як для Касцёла, так і для грамадства”, - дадаў арцыбіскуп Палья.

Вялікі канцлер падкрэсліў, што на працягу Года сям’і мы пакліканы глыбей паразважаць над тэмамі, прапанаванымі ў Апостальскай адгартацыі Amoris laetitia. Папскі тэалагічны інстытут навук аб сужэнстве і сям’і плануе зрабіць даследаванне адносна ініцыятыў у сферы сямейнага душпастырства, якія былі праведзены мясцовымі Касцёламі на працягу пяці гадоў пасля выдання гэтага дакумента. “Але не дастаткова ўбачыць толькі тое, што было зроблена. Неабходна даць новы і больш моцны імпульс усяму душпастырству сем’яў”, зрабіць яго больш “сямейным”, - сказаў ён.
Арцыбіскуп заўважыў, што баронячы сям’ю, Касцёл, такім чынам, аказвае вельмі каштоўную паслугу ўсяму грамадству. “Грамадства, у якім парушаны сямейныя сувязі, прыходзіць да знічшэння таго “мы”, якое ляжыць у аснове ўсялякай супольнасці”, - сказаў ён.

На думку іерарха, крах адчування еднасці, які пачынаецца ў сям’і, пашыраецца на ўвесь народ і на сям’ю народаў, таму на працягу гэтага году важна убачыць у сям’і выключны і надзвычайны рэсурс для грамадства як такога. “Я лічу, што разважаць пра сям’ю значыць казаць пра лёс самаго чалавецтва”, - дадаў Вялікі канцлер.

На працягу Спецыяльнага года прапануецца паразважаць над многімі пытаннямі: чаму становіцца менш сужэнстваў? Чаму сем’і закрываюцца ў сабе? Чаму існуе пэўнага роду бясплоднасць, якая выражаецца не толькі ў няздольнасці нараджаць патомства, але таксама надзею, культуру і быць шчодрымі? Важнымі тэмамі з’яўляюцца таксама дыялог паміж пакаленнямі і роля пажылых людзей, заўважыў арцыбіскуп Вінчэнца Палья.

Спецыяльны год сям’і, прысвечаны рэфлексіі над Апостальскай адгартацыяй Amoris laetitia, распачнецца ў пятую гадавіну выдання гэтага дакумента – 19 сакавіка 2021 г. Ён будзе праходзіць на працягу пятнаццаці месяцаў і завершыцца разам з Х Сусветнай сустрэчай сем’яў – 26 чэрвеня 2022 г.
 

29 снежня 2020, 11:31