Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Айцец: пашырэнне адукацыі дае надзею на будучыню

Абыякавасць і адчужэнне – гэта вялікае зло нашай культуры, - падкрэсліў Папа ў відэапасланні да ўдзельнікаў сімпозіума “Адукацыя – акт надзеі”, арганізаванага Папскай акадэміяй сацыяльных навук і ААН.

Францішак заўважыў, што пашырэнне адукацыі дае надзею на будучыню і з’яўляцца праявай салідарнасці з новымі пакаленнямі. У той жа час існуе патрэба ў “новым відзе адукацыі, якая дазволіць пераадолець актуальную глабалізацыю абыякавасці і культуру адчужэння”.

Пантыфік нагадаў, што пандэмія прывяла да “беспрэцэдэнтнага адукацыйнага крызісу”. Больш за мільярд дзяцей ва ўсім свеце сутыкнуліся з перапынкам у адукацыйным працэсе, а сотні мільёнаў “засталіся ззаду ў магчымасцях сацыяльнага і кагнітыўнага развіцця”. “У многіх месцах біялагічны, псіхалагічны і эканамічны крызіс быў абцяжараны палітычным і грамадскім спадам”, - дадаў Святы Айцец.

Францішак назваў канферэнцыю знакам надзеі на тое, што “імпульсы нянавісці, падзелаў і непісьменнасці могуць і будуць пераадолены” праз новыя адукацыйныя магчымасці, “заснаваныя на сацыяльнай справядлівасці і ўзаемнай любові”.

“Дзякую вам за тое, што вы сабраліся сёння, каб умацаваць нашы спадзяванні і супольныя задумы адносна новай адукацыі, якая будзе спрыяць трансцэндэнтнасці чалавечай асобы, цэласнаму і ўстойліваму чалавечаму развіццю, міжкультурнаму і міжрэлігійнаму дыялогу, беражлівым адносінам да планеты, сустрэчам на карысць міру і адкрытасці на Бога”, - сказаў ён.

Папа адзначыў фундаментальную ролю ААН у заахвочванні дзяржаўных уладаў і грамадства краін да намаганняў на карысць новай адукацыі, што паспрыяе міру і ўмацаванню братэрства.

Святы Айцец пажадаў, каб новыя адукацыйныя праекты садзейнічалі будаванню “цывілізацыі любові, прыгажосці і адзінства”. “Спадзяюся, што вы станеце паэтамі новай чалавечай прыгажосці, новай братэрскай і сяброўскай прыгажосці, а таксама абароны зямлі, па якой мы ходзім”, - завяршыў пасланне Пантыфік.

Форум “Адукацыя – акт надзеі” праходзіць 16-17 снежня 2020 г. адразу ў двух фарматах: адны эксперты сабраліся ў сядзібе Папскай акадэміі навук у Ватыкане, іншыя – далучыліся анлайн. Сустрэча сабрала прадстаўнікоў моладзевых рухаў і спецыялістаў у сферы адукацыі.

У першы дзень працы быў дадзены старт ініцыятыве пад назвай “Місія 4.7”, якая прадугледжвае дапамогу ў рэалізацыі аднайменнага пункта Парадку дня ААН у галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 г. Гаворка ідзе пра гарантаванне навучання ў пытаннях устойлівага развіцця і ўстойлівага ладу жыцця, правоў чалавека, роўнасці паміж паламі, культуры міру і ненасілля, асэнсавання каштоўнасці культурнай разнастайнасці. Праект будзе рэалізоўвацца ў супрацоўніцтве з іншай папскай ініцыятывай на карысць адукацыі пад назвай “Global Compact on Education”.
 

17 снежня 2020, 10:42