Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Папа: захаваць хрысціянскую прысутнасць на Блізкім Усходзе

Дзейнасць каталіцкіх дабрачынных арганізацый павінна быць канкрэтным знакам любові Касцёла, - падкрэсліў Папа ў відэапасланні да ўдзельнікаў нарады аб гуманітарнай сітуацыі ў Сірыі і Іраку.

Форум прайшоў 10 снежня 2020 г. у анлайн-фармаце па ініцыятыве Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. У ім, між іншым, прынялі ўдзел Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер і Вярхоўны камісар ААН па справах бежанцаў Філіпа Грандзі, прадстаўнікі каталіцкіх дабрачынных структур і Касцёла на Блізкім Усходзе, апостальскія нунцыі з рэгіёна і Генеральны сакратар Caritas Internationalis.

“Усе малыя і вялікія намаганні, накіраваныя на садзейнічанне мірнаму працэсу, падобныя на закладку цэглы ў будаўніцтве справядлівага грамадства, якое адзначаецца гасціннасцю, дзе кожны можа знайсці свой дом і месца для мірнага існавання”, - адзначыў Святы Айцец.

Францішак прызнаўся, што больш за ўсё хвалюецца за людзей, якія павінны былі пакінуць свае дамы, каб пазбегнуць жахаў вайны ў пошуках лепшых умоў жыцця для сябе і сваіх блізкіх.

“У прыватнасці, я думаю пра хрысціян, вымушаных пакідаць тыя месцы, дзе нарадзіліся і выраслі, дзе іх вера развівалася і ўзбагачалася. Мы павінны гарантаваць, каб хрысціянская прысутнасць на гэтых землях і надалей заставалася такой, якой была заўсёды: знакам міру, прагрэсу, развіцця і згоды паміж людзьмі і народамі”, - заявіў Папа.

Пантыфік папрасіў міжнародную супольнасць “з усіх сіл” дапамагаць вяртанню бежанцаў на Радзіму, “гарантуючы неабходныя для гэтага бяспеку і эканамічныя ўмовы”; “кожны жэст, усе намаганні ў гэтым кірунку каштоўныя”.

Гаворачы пра дзейнасць каталіцкіх гуманітарных арганізацый, Святы Айцец нагадаў пра актуальнасць прыкладу евангельскага Добрага Самараніна, заклікаючы надалей прымаць, сведчыць клопат, суправаджаць абяздоленых жыхароў блізкаўсходняга рэгіёну.

“Як я ўжо казаў шмат разоў, Касцёл – гэта не няўрадавая арганізацыя. Наша дабрачынная дзейнасць павінна натхняцца Евангеллем. Аказанне дапамогі павінна быць канкрэтным знакамі любові аднаго мясцовага Касцёла, які дапамагае іншаму Касцёлу ў нястачы, карыстаючыся цудоўнымі прыладамі, якімі з’яўляюцца каталіцкія гуманітарныя арганізацыі”, - сказаў Пантыфік.
 

10 снежня 2020, 16:11