Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: яслі кажуць пра беднасць, якая робіць шчаслівымі

Божае Нараджэнне нагадвае нам, што Езус – гэта наш супакой, радасць, сіла і суцяшэнне. Каб прыняць гэтыя дары, трэба адчуць сябе малымі, беднымі і пакорнымі, як героі ясляў, - падкрэсліў Папа.

11 снежня 2020 г. Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыі з славенскага Качэўя і італьянскага Абруца, адкуль сёлета былі дастаўлены на плошчу св. Пятра святочная ёлка і яслі Божага Нараджэння. Іх інаўгурацыя адбудзецца ў другой палове дня.

“Ялінка і яслі дапамагаюць стварыць спрыяльную калядную атмасферу, каб з верай перажыць таямніцу Нараджэння Адкупіцеля. У яслях усё кажа пра “добрую” беднасць, евангельскую беднасць, якая робіць нас шчаслівымі: сузіраючы Святую Сям’ю і іншыя постаці, нас прываблівае іх пакора, якая абязбройвае”, - заўважыў Папа.

Францішак нагадаў, што Багародзіца і св. Юзаф прыбылі з Назарэта ў Бэтлеем, дзе для іх не знайшлося нават пакойчыку. Марыя слухала, назірала і захоўвала ўсё ў сваім сэрцы, а Юзаф шукаў належнага месца для Яе і Дзіцятка, якое павінна было нарадзіцца. Аднымі з галоўных дзеючых асоб у святочных яслях, як і ў Евангеллі, з’яўляюцца пастухі, якія жылі пад адкрытым небам, чувалі, а калі пачулі вестку ад анёлаў, неадкладна пайшлі шукаць Нованароджанага Збаўцу.

“Свята Божага Нараджэння нагадвае нам, што Езус – гэта наш супакой, наша радасць, наша сіла, наша суцяшэнне. Але, каб прыняць гэтыя дары ласкі, неабходна адчуць сябе малымі, беднымі і пакорнымі, як героі ясляў. Таксама і на сёлетняе Божае Нараджэнне, між пакут пандэміі, Езус, малы і безабаронны, з’яўляецца “Знакам”, які Бог дорыць свету. Цудоўным знакам, як гаворыцца на пачатку ліста, які я падпісаў год таму ў Грэча. Нам будзе карысна перачытаць яго зноў у гэтыя дні”, - сказаў Папа.

Пантыфік падзякаваў сваім гасцям за візіт, а таксама ўсім, хто прычыніўся да дастаўкі і ўстаноўкі святочнай ёлкі і ясляў ў Ватыкан. “Жадаю, каб Божае Нараджэнне было для вас напоўнена надзеяй, і прашу вас перадаць мае віншаванні вашым сем’ям і вашым суграмадзянам”, - сказаў на заканчэнне сустрэчы Святы Айцец.
 

11 снежня 2020, 11:05