Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа прывітаў удзельнікаў анлайн-сустрэчы Тэзэ

Францішак прывітаў удзельнікаў 43-й еўрапейскай сустрэчы, арганізаванай экуменічнай Супольнасцю Тэзэ. Ён заклікаў юнакоў і дзяўчат адкрыцца на высокія ідэалы і крочыць па жыцці з надзеяй.

У сувязі з пандэміяй каронавіруса сёлета моладзевы форум пройдзе ў анлайн-фармаце. Ён пачнецца 27 снежня 2020 г. і будзе працягвацца да 1 студзеня 2020 г.

Святы Айцец скіраваў да ўдзельнікаў сустрэчы пасланне за подпісам свайго бліжэйшага супрацоўніка, кардынала Дзяржсакратара П’етра Параліна. Ён адзначыў крэатыўнасць моладзі, якая знайшла магчымасць сустрэцца нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы.

Папа пажадаў, каб у гэтыя дні супольнай малітвы маладыя людзі падтрымлівалі адзін аднаго ў веры і надзеі. “Ніхто не можа адолець жыццё ў самоце. [...] Нам патрэбная супольнасць, якая нас падтрымае, дапаможа, у якой мы дапамагаем адзін аднаму глядзець у будучыню!”, - прыгадаў ён словы энцыклікі Fratelli tutti.

Францішак заклікаў юнакоў і дзяўчат дазволіць прасякнуць сябе надзеяй, якая дапамагае “бачыць далей за ўласны камфорт, дробязныя гарантыі і выгоды, якія звужаюць далягляд, каб адкрыцца на вялікія ідэалы, якія робяць жыццё прыгажэйшым і годным”.

“На працягу гэтага году працягвайце развіваць культуру сустрэчы і братэрства і крочыць разам да гарызонту надзеі, адкрытага ўваскрасеннем Хрыста”, - закончыў пасланне Святы Айцец.
 

26 снежня 2020, 14:47