Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа падзякаваў палякам за дапамогу Касцёлу ва Усходняй Еўропе

Святы Айцец выказаў падзяку Касцёлу ў Польшчы за духоўную і матэрыяльную падтрымку каталіцкіх супольнасцей ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі.

“У нядзелю ў Польшчы будзе праходзіць Дзень малітвы і матэрыяльнай дапамогі Касцёлу на Усходзе. Заахвочваю вас да ўдзелу ў гэтай важнай ініцыятыве і дзякую ўсім, хто дзейнічае на карысць суседніх Касцёлаў у духу братэрскай любові. Няхай Бог вас благаславіць!”, - сказаў Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 2 снежня 2020 г.

Дзень малітвы і матэрыяльнай дапамогі Касцёлу на Усходзе рэалізуецца ў Польшчы кожную ІІ Нядзелю Адвэнту. У яго рамках адбываецца збор ахвяраванняў на будаўніцтва і аднаўленне храмаў, катэхетычных памяшканняў, падтрымку евангелізацыйных, душпастырскіх, фармацыйных і дабрачынных ініцыятыў у Беларусі, Украіне, Малдове, Расіі, Казахстане, краінах Балтыі і Цэнтральнай Азіі.

Сёлета ініцыятыва пройдзе пад знакам салідарнасці з католікамі ў Беларусі. Дзве галоўныя св. Імшы, якія адбудуцца 6 снежня 2020 г. у кантэксце дабрачыннай акцыі, узначаліць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Першая будзе трансліравацца ў прамым эфіры на Першым канале Польскага радыё з базылікі св. Крыжа ў Варшаве, другая – на тэлеканале TVP Polonia з варшаўскага санктуарыя Маці Божай Каралевы польскіх мучанікаў.

У якасці ўдзячнасці ахвярадаўцам, каталіцкія епіскапаты краін рэгіёну абвясцілі ІІ Нядзелю Адвэнту Днём малітвы за тых, хто дапамагае Касцёлу ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі.
 

02 снежня 2020, 11:29