Пошук

Vatican News
Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Пантыфік: Езус прыйшоў як дзіця, каб зрабіць нас дзецьмі Бога

Толькі любоў Езуса перамяняе жыццё, вылечвае нашы самыя глыбокія раны, вызваляе з заганнага кола незадаволенасці, гневу і нараканання, - сказаў Пантыфік падчас св. Імшы ў ноч Божага Нараджэння.

Літургія прайшла вечарам 24 снежня 2020 г. у ватыканскай базыліцы св. Пятра. У гаміліі Францішак заўважыў, што ў гэту ноч спаўняецца вялікае прароцтва Ісаі: “Дзіця нарадзілася нам, Сын дадзены нам” (9,5).

Каментуючы першую частку гэтага радку, Папа адзначыў, што нараджэнне Езуса – гэта тая навіна, якая “дазваляе нам кожны год духоўна нараджацца нанова” і знайсці сілу, каб “пераадолець усялякія выпрабаванні”. “Так адбываецца, бо гэта нараджэнне для нас: для мяне, для цябе, для кожнага”, - сказаў ён.

Святы Айцец заўважыў, што Бог прыходзіць на свет, як дзіця, каб зрабіць нас Божымі дзецьмі. “Сёння Бог захапляецца намі і кажа кожнаму з нас: “Ты – цуд”.

Пантыфік заклікаў не трапляць у роспач перад абліччам выпрабаванняў і памятаць пра блізкасць Бога, які падтрымлівае не толькі на словах, але становячыся дзіцём дзеля нас. Так Бог нагадвае нам пра зыходны пункт кожнага нашага нараджэння нанова: трэба прызнаць сябе ўмілаванымі Божымі дзецьмі.

Сын дадзены нам. Айцец не даў нам штосьці, але свайго адзінароднага Сына, у якім уся Яго радасць. Бог зрабіў гэта, бо вельмі моцна любіць нас і не можа не любіць.

“Бог ведае, што адзіны спосаб, каб нас збавіць, гэта аздаравіць нас унутры, любіць нас. Ён ведае, што мы становімся лепшымі толькі прымаючы яго нястомную любоў, якая не змяняецца, а змяняе нас. Толькі любоў Езуса перамяняе жыццё, вылечвае нашы самыя глыбокія раны, вызваляе з заганнага кола незадаволенасці, гневу і нараканання”, - дадаў Пантыфік.

Сын дадзены нам. Божы Сын прыйшоў на свет у цёмную ноч, без годнага жылля, у беднасці і непрыняцці, бо такім чынам захацеў паказаць як моцна любіць наш чалавечы стан: настолькі, што нават дакрануўся сваёй канкрэтнай любоў да нашай найгоршай мізэрнасці.

“Божы Сын нарадзіўся ў адчужэнні, каб сказаць нам, што кожны адчужаны – Божы сын. Ён прыйшоў на свет, як дзіцятка, слабое і безабароннае, каб мы маглі з ласкавасцю прыняць нашу слабасць і зразумець адну важную рэч: як у Бэтлееме, так і з намі Богу падабаецца рабіць вялікія справы праз нашу нікчэмнасць. Ён паклаў усё наша збаўленне ў яслі стаенкі і не баіцца нашай беднасці: дазволім Яго міласэрнасці ператварыць нашу мізэрнасць!”, - заклікаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што Дзіця ў яслях, гэта знак, які паказвае напрамак нашаму жыццю: Бэтлеем азначае “Дом хлеба”, а Бог знаходзіцца ў яслях, каб нагадаць, што для жыцця мы патрабуем Яго, як хлеба. “Трэба дазволіць Яму прасякнуць нас Яго бескарыслівай, нястомнай і канкрэтнай любоўю”, - сказаў Пантыфік.

Папа нагадаў, што часта, прагнучы забаваў, поспеху і мірскога жыцця, мы насычаем яго тым, што не ўталяе голад і пакідае ўнутры пустату. “Яслі, бедныя і напоўненыя любоўю, вучаць нас таму, што жыццё насычаецца, калі дазваляем Богу любіць нас і любім іншых. Езус дае нам прыклад: Ён, Божае слова – дзіця; Ён не гаворыць, а ахвяруе жыццё. Мы ж шмат кажам, але часта з’яўляемся непісьменнымі ў добрых справах”, - дадаў Папа.

Сын дадзены нам. Чалавек, які мае малое дзіця, ведае колькі любові і цярплівасці патрэбна. “Дзіця дазваляе нам адчуць сябе любімымі, але таксама вучыць любіць. Бог нарадзіўся дзіцяткам, каб падштурхнуць нас клапаціцца пра іншых. Яго пяшчотны плач дапамагае нам зразумець наколькі непатрэбнымі з’яўляюцца нашы капрызы. Яго бяззбройная і абязбройваючая любоў нагадвае, што час, які маем, патрэбны не для нараканняў, а каб выціраць слёзы тых, хто пакутуе. Бог пасяліўся побач з намі, бедны і патрабуючы, каб сказаць, што служачы бедным, мы любім Яго”, - сказаў Папа.
 

24 снежня 2020, 20:22