Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Папа да дзеячаў мастацтва: свет мае патрэбу ў прыгажосці

Мастацтву і яго ролі ў крытычны гістарычны момант, які перажывае свет, прысвяціў сваю прамову Святы Айцец падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў дабрачыннага каляднага канцэрта ў Ватыкане.

Сустрэча адбылася 12 снежня 2020 г. у Зале Паўла IV. У другой палове дня адбудзецца запіс традыцыйнага музыкальнага вечара, які будзе трансліравацца італьянскім тэлебачаннем у вігілію Божага Нараджэння. У сувязі з надзвычайнай эпідэміялагічнай сітуацыяй ён пройдзе без гледачоў.

Звяртаючыся да сваіх гасцей, Францішак нагадаў, што ў мастацкай творчасці можна распазнаць тры рухі: захапленне прыгажосцю, абуджэнне ўспамінаў, вобразаў і адчуванняў, а таксама ўзнікнення пачуцця надзеі, якое выпраменьваецца ў свет.

Гэты патроены рух адарае “пачуццём спакою, якое – як сведчыць св. Францішак Асізскі – вызваляе ад кожнага жадання панавання над іншымі, дапамагае разумець цяжкасці самых апошніх і падштурхоўвае жыць у гармоніі з усімі. У гармоніі, якая злучана з прыгажосцю і дабрынёй”.

Папа звярнуў увагу на тое, што сувязь паміж прыгажосцю і дабрынёй шмат разоў падкрэсліваецца ў юдэйскай і хрысціянскай традыцыі. Бог бачыў, што ўсё стварэнне было “добрым”. Гэты прыметнік на старажытнаяўрэйскай мове можа азначаць таксама “гарманічны”. Такім чынам “стварэнне ўражвае нас сваім ззяннем і разнастайнасцю”, дапамагаючы зразумець нашу ролю ў свеце перад абліччам такой велічы”.

Пантыфік нагадаў словы св. Яна Паўла ІІ пра тое, што дзеячы мастацтва “носяць у сабе боскую іскру, якой з’яўляецца мастацкае пакліканне” і павінны “не змарнаваць талент, а развіваць яго, ставіць на службу бліжняму і ўсяму чалавецтву”.

Спасылаючыся на словы Паўла VI Францішак падкрэсліў, што свет “мае патрэбу ў прыгажосці, каб не патануць у роспачы”. “Таксама паміж збянтэжанасці, выкліканай пандэміяй, ваша творчасць можа несці святло. Крызіс робіць больш густым “змрок замкнёнага свету” і здаецца засланяе боскае, вечнае святло. Не трапім у гэту пастку. Будзем шукаць святло Божага Нараджэння: яно праганяе змрок болю і цемры”, - заклікаў Святы Айцец.

Папа назваў дзеячаў мастацтва “абаронцамі прыгажосці свету” і падзякаваў ім за салідарнасць. “Ваша пакліканне з’яўляецца высокім і адказным, яно патрабуе “чыстых і бескарыслівых рук”, каб перадаваць праўду і прыгажосць”, - дадаў Францішак.
 

12 снежня 2020, 11:56