Пошук

Vatican News
Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Папа абвясціў у Касцёле Год сям’і – Amoris laetitia

Святы Айцец абвясціў аб правядзенні ў Касцёле Года сям’і, прысвечанага рэфлексіі над Апостальскай адгартацыяй Amoris laetitia, выдадзенай пяць гадоў таму. Ён пройдзе з 19 сакавіка 2021 г. па 22 чэрвеня 2022 г.

Перад малітвай “Анёл Панскі”, 27 снежня 2020 г. у Ватыкане, Пантыфік заўважыў, што праз некалькі дзён пасля Божага Нараджэння літургія запрашае нас скіраваць позірк на Святую Сям’ю Езуса, Марыі і Юзафа. “Цудоўна разважаць на тым фактам, што Божы Сын пажадаў мець патрэбу ў сямейным цяпле як і ўсе дзеці. Менавіта па гэтай прычыне сям’я з Назарэту з’яўляецца сям’ёй-прыкладам, у якой усе сем’і свету могуць знайсці надзейны арыенцір і натхненне”, - падкрэсліў Папа.

У Назарэце наступіла вясна чалавечага жыцця Божага Сына, у момант калі Ён быў зачаты моцаю Святога Духа ў нявінным улонні Марыі, а між гасцінных сцен Назарэцкага дому ў радасці прайшло дзяцінства Езуса, атуленага матчынай увагай Марыі і клопатам Юзафа, у якім Езус мог бачыць пяшчоту Бога, - дадаў Францішак.

Паводле Папы, “наследуючы Святую Сям’ю мы пакліканы нанова адкрыць выхаваўчую каштоўнасць сямейнай ячэйкі: яна павінна быць заснавана на любові, што заўсёды адраджае адносіны, адкрываючы на гарызонты надзеі”.

“У сям’і можна спазнаць шчырае адзінства, калі яна з’яўляецца домам малітвы, калі пачуцці з’яўляюцца глыбокімі і чыстымі, калі прабачэнне пераважае над звадамі, калі штодзённая рэзкасць жыцця злагоджваецца ўзаемнай пяшчотай і спакойнай адданасцю Божай волі. Так сям’я адкрываецца на радасць, якую Бог дорыць усім тым, хто здольны даваць з радасцю. У той жа час яна знаходзіць духоўную сілу, каб адкрывацца на знешні свет, на іншых, на служэнне братам, на супрацоўніцтва ў будаванні заўсёды новага і лепшага свету; і таму здольная станавіцца носьбітам добрых памкненняў; сям’ёй, якая евангелізуе праз прыклад жыцця”, - сцвердзіў Пантыфік.

Папа нагадаў, што нават калі ў сямейным жыцці здараюцца канфлікты, важна заўсёды завяршаць дзень прымірэннем, бо “халодная вайна, якая пачнецца на наступны дзень, вельмі небяспечная”. Ён заклікаў заўсёды захоўваць у сямейнай штодзённасці тры словы: “дазволь”, “дзякуй” і “прабач”.

Святы Айцец зазначыў, што да евангелізацыі праз сям’ю нас заклікае сённяшняе свята Святой Сям’і Езуса, Марыі і Юзафа, зноў “прапануючы ідэал сужэнскай і сямейнай любові, як гэта было падкрэслена ў Апостальскай адгартацыі Amoris laetitia, пятая гадавіна абнародавання якой будзе адзначацца 19 сакавіка 2021 г.”.

У сувязі з гэтым Пантыфік заклікаў прысвяціць Спецыяльны год рэфлексіі над гэтым дакументам, з дапамогай прапаноў і душпастырскіх інструментаў, якія будуць дадзены ў распараджэнне касцёльным супольнасцям і сем’ям.

“З гэтага моманту заклікаю ўсіх далучыцца да ініцыятыў, якія пройдуць на працягу Года і будуць каардынавацца Дыкастэрыяй па справах свецкіх, сям’і і жыцця. Даверым Святой Сям’і з Назарэту, асабліва св. Юзафу, клапатліваму мужу і бацьку, гэты шлях з сем’ямі ўсяго свету”, - сказаў Францішак.

Перад малітвай “Анёл Панскі” Папа пажадаў, каб Панна Марыя дазволіла сем’ям усяго свету станавіцца ўсё больш і больш прывабленымі евангельскім ідэалам Святой Сям’і і такім чынам быць закваскай новага чалавецтва і канкрэтнай і паўсюднай салідарнасці.

Спецыяльны Год сям’і, прысвечаны рэфлексіі над Апостальскай адгартацыяй Amoris laetitia, будзе ўрачыста адкрыты у бліжэйшую ўрачыстасць св. Юзафа, 19 сакавіка 2021 г., і завершыцца святкаваннем Х Сусветнай сустрэчы сям’яў, якая пройдзе 22 чэрвеня 2022 г. у Рыме.

27 снежня 2020, 12:15