Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Пантыфік скіраваў пасланне на 54-ы Сусветны дзень міру

Накіраваць сродкі, прызначаныя на ўзбраенні, у Фонд барацьбы з голадам, - заклікаў Пантыфік у пасланні на 54-ы Сусветны дзень міру. Ён адзначацца ў Касцёле 1 студзеня.

Дакумент быў абнародаваны 17 снежня 2020 г. Яго тэма: “Культура клопату як шлях міру”.

Пантыфік заўважыў, што пандэмія каронавіруса пагоршыла кліматычны, харчовы, эканамічны і міграцыйны крызіс і прывяла да цяжкіх пакут і праблем. Ён нагадаў пра гібель многіх людзей і абвастрэнне праблемы беспрацоўя. Папа адзначыў гераізм шматлікіх медыцынскіх работнікаў, валанцёраў і святароў.

“Аддаючы даніну пашаны гэтым людзям, я зноў заклікаю палітыкаў і прыватны сектар прыняць належныя меры для забеспячэння доступу да вакцыны супраць COVID-19 і да асноўных тэхналогій, каб дапамагчы хворым і ўсім самым бедным і ўразлівым”, - напісаў Францішак.

Акрамя шматлікіх сведчанняў любові і салідарнасці пашыраюцца новыя формы нацыяналізму, расізму, ксенафобіі, а таксама войны і канфлікты, якія сеюць смерць і разбурэнні, - заўважыў Папа. На яго думку, гэтыя падзеі вучаць нас таму, наколькі “важна клапаціцца адзін пра аднаго і пра ўсё стварэнне для пабудовы грамадства, заснаванага на адносінах братэрства”.

“Вось чаму я выбраў для гэтага паслання тэму “Культура клопату як шлях міру”. Культура клопату, каб перамагчы культуру абыякавасці, адчужэння і сутыкнення, якая сёння часта пераважае”

, - прызнаўся Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў, што крыніцай паклікання да клопату з’яўляецца Бог-Стварыцель і Яго задума адносна чалавечай сям’і. Менавіта Ён з’яўляецца прыкладам клапатлівасці. Клопат можна ўбачыць таксама ў місіі Езуса і Яго вучняў.

У якасці асновы для культуры клопату Францішак прапануе ўзяць прынцыпы сацыяльнага вучэння Касцёла. Паняцце годнасці чалавека нагадвае нам, што кожная асоба – гэта мэта, а не інструмент. Прынцып агульнага дабра дапамагае ўлічваць наступствы нашых задум і намаганняў для ўсёй чалавечай сям’і. Салідарнасць дапамагае канкрэтным чынам выказаць любоў да іншага чалавека, а клопат пра бедных павінен быць злучаны з абаронай стварэння.

Пантыфік назваў гэтыя прынцыпы “компасам”, які служыць супольнаму курсу і пераадоленню сацыяльнай няроўнасці. Яны павінны дапамагчы фарміраванню адносін паміж дзяржавамі на аснове братэрства, узаемнай павагі, салідарнасці і захавання міжнароднага права. У гэтым кантэксце Папа падкрэсліў неабходнасць абароны асноўных правоў чалавека і павагі да гуманітарнага права.

Святы Айцец у чарговы раз заклікаў да стварэння Глабальнага фонду для канчатковай ліквідацыі голаду і дапамогі развіццю бедных краін. Ён заахвоціў накіраваць у яго сродкі, якія зараз прызначаюцца на ўзбраенні.

Францішак звярнуў увагу на патрэбу выхавання ў людзях культуры клопату. Ён падкрэсліў важную ролю сям’і, адукацыйных устаноў і рэлігіі ў гэтым працэсе. Папа пажадаў, каб адукацыя стала больш адкрытай і інклюзіўнай, здольнай да цярплівага слухання, дыялогу і ўзаемаразумення.

Паводле Святога Айца, культура клопату – гэта прывілеяваны шлях будавання міру. “Будзем жа працаваць разам, каб крочыць да новага гарызонту любові, міру, братэрства, салідарнасці, узаемнай падтрымкі і прыняцця. Не скорымся перад спакусай ігнаравання іншых, асабліва самых слабых, не будзем прызвычайвацца адводзіць вочы, але штодзённа прысвячаць сябе будаванню супольнага грамадства, якое складаецца з братоў, што клапоцяцца адзін пра аднаго”, - напісаў Францішак на заканчэнне свайго паслання, прысвечанага 54-му Сусветнаму дню міру.
 

17 снежня 2020, 13:19