Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: Божае Нараджэнне – нагода для ўзрастання ў веры і братэрстве

Святы Айцец заклікаў вернікаў у час Божага Нараджэння звярнуць асаблівую ўвагу на бедных і патрабуючых, памятаючы, што менавіта ў іх прысутнічае Езус.

“Божае Нараджэнне ўжо зусім блізка. Няхай яно стане для кожнага нагодай для духоўнага абнаўлення, малітвы, навяртання, узрастання ў веры і братэрстве між намі. Паглядзім навокал, паглядзім, у першую чаргу, на тых, хто знаходзіцца ў стане нястачы…”, - заклікаў Пантыфік пасля малітвы “Анёл Панскі”, якая 20 снежня 2020 г. прайшла ў Ватыкане.

Папа нагадаў, што Езус прысутнічае ў людзях, якія пакутуюць. Ён пажадаў, каб Божае Нараджэнне стала для вернікаў часам блізкасці да Хрыста ў гэтых братах і сёстрах.

“Менавіта брат, які знаходзіцца ў патрэбе – гэта тыя яслі, да якіх мы павінны скіравацца з салідарнасцю. Гэта жывыя яслі. Яслі, у якім мы па-сапраўднаму сустрэнем Адкупіцеля, знаходзяцца ў асобах, якія маюць патрэбу. Будзем жа крочыць у кірунку Святой ночы і будзем чакаць спаўнення таямніцы Збаўлення”, - заклікаў Святы Айцец.
 

20 снежня 2020, 12:53