Пошук

Св. Юзаф Св. Юзаф 

Пантыфік абвясціў у Касцёле Год св. Юзафа

8 снежня 2020 г. быў апублікаваны Апостальскі ліст Папы Patris corde – Бацькоўскім сэрцам, прысвечаны 150-годдзю прызнання св. Юзафа апекуном Каталіцкага Касцёла.

Ушаноўваючы рашэнне бл. Пія IX, агучане ў дэкрэце Quemadmodum Deus з 1870 г., Францішак абвясціў у Касцёле адмысловы Год св. Юзафа. Ён будзе працягвацца з 8 снежня 2020 г. па 8 снежня 2021 г.

Пандэмія COVID-19 прымусіла нас зразумець важнасць звычайных людзей, тых, хто далёка не ў цэнтры ўвагі, кожны дзень праяўляе цярпенне і ўсяляе надзею, сеючы сумесную адказнасць, - напісаў у сваім Лісце Папа. Яны бяруць прыклад з св. Юзафа, “чалавека, які застаецца незаўважаным, чалавека штодзённай прысутнасці, стрыманай і схаванай”, “беспрэцэдэнтнага героя ў гісторыі збаўлення”.

Св. Юзаф праявіў айцоўства, “зрабіўшы жыццё дарам сябе ў любові, пакладзеным на служэнне Месіі”. Менавіта таму яго “заўсёды любіў хрысціянскі люд”. У ім “Езус убачыў пяшчоту Бога”, якая “дапамагае нам прымаць сваю слабасць”. Бог “не асуджае нас, але вітае, абдымае, падтрымлівае і даруе”. Юзаф таксама з’яўляецца бацькам, паслухмяным Богу: сваім “фіят” ён ратуе Марыю і Езуса, вучыць Сына “выконваць волю Айца”, супрацоўнічаючы “ў вялікай таямніцы Адкуплення”, - падкрэсліў Францішак.

У той жа час Юзаф з’яўляецца “бацькам, які вітае”; ён “прымае Марыю без папярэдніх умоў” – важны жэст у нашым свеце, дзе прысутнічае “псіхалагічны, вербальны і фізічны гвалт над жанчынамі”

, - адзначыў Папа.

Але сужэнец Марыі – гэта і той, хто, давяраючы Пану, вітае “мужна і моцна” падзеі, якія не да канца разумее. Праз св. Юзафа Бог як бы кажа нам: “Не бойцеся!”, бо “вера надае сэнс кожнай шчаслівай ці сумнай падзеі”. На яго прыкладзе Пан “запрашае нас прымаць іншых, без выключэння, такімі, якія яны ёсць”, “аддаючы перавагу слабым”.

У Patris corde Францішак падкрэслівае “творчую мужнасць” святога, які “ведае, як ператварыць праблему ў магчымасць, заўсёды давяраючы Провіду”. Ён сутыкаецца з “канкрэтнымі праблемамі” сваёй сям’і, гэтак жа, як сёння многія сем’і ў свеце, асабліва мігранты. Апякун Езуса і Марыі “не можа не быць апекуном Касцёла”, ад яго трэба вучыцца “любіць Касцёл і бедных”.

Сумленны цясляр таксама вучыць нас таму, як з годнасцю і радасцю “есці хлеб, які з’яўляецца плёнам працы”. Тут Папа звярнуў увагу на права да працы, што стала сёння “надзённай сацыяльнай праблемай” нават у краінах з высокім узроўнем дабрабыту.

“Трэба зразумець сэнс працы, якая надае годнасць”, якая “становіцца ўдзелам у справе збаўлення” і “магчымасцю рэалізацыі” для сябе і сваёй сям’і, - звярнуў увагу Пантыфік. Ён заклікаў “нанова адкрыць каштоўнасць, важнасць і неабходнасць працы”, каб закласці асновы “новай нармальнасці, дзе нікога не выключаюць”. “Ніводзін малады, ніводзін чалавек, ніводная сем’я без працы!”, - такі дэвіз прапанаваў Францішак для сённяшняга свету.

“Бацькамі не нараджаюцца, імі становяцца”, - заўважаў Святы Айцец. На жаль, у сучасным грамадстве “бацькі часта пакідаюць дзяцей сіротамі”, “Касцёл сёння таксама мае патрэбу ў айцах”. “Быць бацькам азначае ўвесці дзіця ў жыццё, у рэальнасць. Не для таго, каб захаваць яго, заняволіць, валодаць ім, але каб зрабіць яго здольным да выбару, свабоды і шляху”.

Францішак заўважыў, што шчасце Юзафа заключаецца ў логіцы не ахвяры, а дару”.

“Мы ніколі не бачым расчаравання ў гэтым чалавеку, толькі давер. (...) Свет мае патрэбу ў бацьках, ён адкідае гаспадароў, тых, хто хоча выкарыстаць уладанне іншым для запаўнення сваёй унутранай пустэчы, тых, хто блытае ўладу з аўтарытарызмам, служэнне – з сервілізмам, супрацьстаянне з прыгнётам, міласэрнасць – з гіперапекай, сілу – з разбурэннем”, - напісаў ён.

Папа падкрэсліў, што “сапраўднае пакліканне нараджаецца з прынясення сябе ў дар”. Такая сталасць таксама патрэбна ў святарстве і ў кансэкраваным жыцці. Калі пакліканне “не дасягае сталасці дару сябе, спыняючыся толькі на логіцы ахвяры, замест таго, каб быць знакам прыгажосці і радасці любові, яно можа выражаць няшчасце, смутак і расчараванне”.

Мэта новага Апостальскага ліста, прызнаўся Францішак, “выклікаць большую любоў да гэтага вялікага святога, заахвоціць да прашэння аб яго заступніцтве і пераймання яго цнотаў і прыхільнасці”.
 

08 снежня 2020, 12:20