Пошук

Vatican News
Папа падчас малітвы за Ліван у Ватыкане Папа падчас малітвы за Ліван у Ватыкане  (ANSA)

Францішак павіншаваў з Божым Нараджэннем народ Лівана

Пантыфік заклікаў народ Лівана заставацца для ўсяго свету прыкладам павагі да плюралізму і жыцця ў міры. 24 снежня 2020 г. ён скіраваў да жыхароў гэтай краіны віншавальнае пасланне з нагоды Божага Нараджэння.

Папа прызнаўся, што яму “смутна бачыць як пакуты і трывога падаўляюць прыроджаную ініцыятыўнасць і актыўнасць Краіны Кедраў. “Яшчэ больш балюча бачыць, як скрадваюцца ўсе самыя патаемныя спадзяванні на тое, каб жыць у міры і працягваць быць пасланнем свабоды і сведчаннем мірнага суіснавання для гісторыі і ўсяго свету”, - напісаў Папа, звяртаючыся да жыхароў Лівана.

Францішак заўважыў, што глыбока перажывае ў сувязі з праблемамі ліванскага народа, асабліва, калі думае пра вялікую колькасць моладзі, якая пазбаўляецца надзеі на лепшую будучыню.

Папа падкрэсліў, што ў дзень Божага Нараджэння “народ, які хадзіў у цемры ўбачыў святло вялікае” – святло, якое праганяе страх і напаўняе надзеяй з упэўненасцю на тое, што Божы Провід не пакіне Ліван і зможа ператварыць у дабро таксама і цяперашнюю жалобу.

Святы Айцец нагадаў пры глыбокае сімвалічнае значэнне кедровага дрэва, якое ў Бібліі часта ўзгадваецца як знак трываласці і моцы. Ён зааховіў ліванцаў чэрпаць сілы з уласных каранёў, каб зноў стаць салідарным народам, а таксама выкарыстоўваць актуальныя праблемы для таго, каб нанова адкрыць сваю тоеснасць, якая заключаецца ў нясенні свету водару павагі, мірнага суіснавання і плюралізму.

Пантыфік заклікаў ліванскіх палітыкаў бараніць не свае інтарэсы, а інтарэсы дзяржавы і народу, які прадстаўляюць. Ён выказаў спадзяванне на тое, што зможа наведаць Ліван пры першай магчымасці, а таксама звярнуўся да міжнароднай супольнасці з просьбай дапамагчы гэтай блізкаўсходняй кране заставацца па-за рэгіянальнымі канфліктамі і напружанасцю, а выйсці з крызісу і вярнуцца да нармальнага жыцця.
 

24 снежня 2020, 12:00