Пошук

Vatican News
Папа Францішак падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа Францішак падчас малітвы "Анёл Панскі"  (ANSA)

Анёл Панскі: Ян Хрысціцель указвае шлях да сапраўднай радасці

Сведчанне Яна Хрысціцеля з’яўляецца парадыгматычным для кожнага, хто жадае шукаць сэнс жыцця і знайсці сапраўдную радасць, - сказаў Папа перад малітвай “Анёл Панскі”, 13 снежня 2020 г. у Ватыкане.

Францішак заўважыў, што заклік да радасці – рыса, уласцівая часу Адвэнта: чаканне, якое перажываем – радаснае, яно крыху падобнае на чаканне візіту чалавека, якога моцна любім, напрыклад сябра ці сваяка, якога не бачылі ўжо вельмі даўно.

“Гэта вымярэнне радасці асабліва праяўляцца сёння, у трэцюю нядзелю, якая пачынаецца заклікам св. Паўла: “Заўсёды радуйцеся ў Пану”… У чым жа прычына гэтай радасці? – У тым, што “Пан – блізка”. Чым Пан бліжэй да нас, тым больш радуемся; чым Ён далей – тым больш сумуем. Вось правіла хрысціян”, - падкрэсліў Пантыфік. Ён заклікаў сведчыць пра ўваскрасенне Хрыста радаснымі тварамі, не насіць на абліччы пахавальнага смутку.

Папа падкрэсліў, што пасля Багародзіцы і св. Юзафа, першым і ў найбольшай меры жыў чаканнем Месіі і радасцю ўбачыць Яго прыйсце быў св. Ян Хрысціцель. “Евангеліст уводзіць яго ў апавяданне ўрачыста: “З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб засведчыць пра святло”. Хрысціцель – першым засведчыў пра Езуса, словам і дарам жыцця. Усе Евангеллі сыходзяцца ў дэманстрацыі таго, што ён споўніў сваю місію, указваючы на Езуса як на Хрыста, Божага пасланніка, абяцанага прарокамі, - нагадаў Францішак

“Ян быў лідарам свайго часу. Слава пра яго разышлася па ўсёй Юдэі і нават далей, аж да Галілеі. Але ён нават на імгненне не паддаўся спакусе прыцягнуць увагу на сябе: ён заўсёды скіроўваў да Таго, які павінен быў прыйсці. Ён казаў: “Я няварты развязаць раменьчык на сандалях Ягоных”, - дадаў ён.

“Вось першая ўмова хрысціянскай радасці: не засяроджвацца на сабе і ставіць у цэнтр Езуса. Гэта не вар’яцтва, бо Езус насамрэч з’яўляецца цэнтрам, з’яўляецца святлом, якое дае паўнату сэнсу жыцця кожнаму чалавеку, што прыходзіць на гэты свет. Гэта тая ж дынаміка, якая падштурхоўвае мяне выйсці па-за сябе, не каб згубіцца, а каб нанова знайсці сябе ў прынясенні сябе ў дар, у пошуку дабра іншага”, - дадаў Пантыфік.

Святы Айцец зазначыў, што Ян Хрысціцель прайшоў доўгі шлях, каб пачаць сведчыць пра Хрыста. “Шлях радасці – не прагулка. Трэба шмат працаваць, каб заўсёды быць радаснымі. Ён пакінуў усё, ад самай маладосці, каб паставіць Бога на першае месца, каб усім сэрцам і ўсімі сіламі слухаць Яго слова. Ён сышоў у пустыню, пазбавіўся ўсяго павярхоўнага, каб у большай свабодзе ісці за ветрам Святога Духа. Вядома, некаторыя рысы яго асобы – выключныя, непаўторныя, іх немагчыма пранаваць усім. Тым не менш, яго сведчанне парадыгматычнае для кожнага чалавека, які жадае шукаць сэнс свайго жыцця і знайсці сапраўдную радасць. У прыватнасці, Хрысціцель – гэта прыклад для тых у Касцёле, хто пакліканы абвяшчаць Хрыста іншым: яны могуць рабіць гэта толькі будучы непрывязанымі да сябе і духа гэтага свету, прыцягваючы людзей не да сябе, а скіроўваючы іх да Езуса. Радасць заключаецца ў гэтым – прыцягваць да Езуса…”, - дадаў Пантыфік.

“Молячыся зараз “Анёл Панскі”, мы бачым, што ўсё гэта напоўніцу споўнілася ў Панне Марыі: яна ў цішыні чакала Слова Божага збаўлення; выслухала яго, прыняла яго, зразумела яго. У Ёй Бог стаў блізкім. Таму Касцёл называе Марыю “Прычына нашай радасці”, - сказаў на заканчэнне свайго разважання Францішак.
 

13 снежня 2020, 12:14