Пошук

Лесвіца ў Ватыканскіх музеях Лесвіца ў Ватыканскіх музеях 

Ватыканскія музеі і Папскія вілы закрываюцца для наведвальнікаў

У сувязі з увядзеннем італьянскімі ўладамі больш строгіх мер, накіраваных на прадухіленне распаўсюджвання каронавіруса, было прынята рашэнне аб часовым закрыцці ў Ватыкане шэрагу культурных устаноў.

Цягам бліжэйшага месяца ў аматараў гісторыі і мастацтва не будзе магчымасці наведаць Ватыканскія музеі, Папскія вілы ў Кастэль-Гандольфа, а таксама старажытнарымскі некропаль пад базылікай св. Пятра. Яны будуць закрыты з 5 лістапада па 3 снежня 2020 г., - паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Ватыканскія культурныя ўстановы ўжо прыпынялі сваю дзейнасць на тры месяцы ў перыяд першай фазы каронавіруса. У чэрвені, калі хваля захворванняў зменшылася, яны аднавілі працу. Тады наведвальнікам была прадстаўлена адрэстаўраваная Зала Канстанціна – адна з чатырох частак Станцаў Рафаэля.

Некалькі тыдняў таму ў Ватыкане завяршылася рэстаўрацыя яшчэ адной гістарычнай славутасці – велізарнай бронзавай шышкі, якая ўпрыгожвае аднайменны музейны дворык. Працы праводзіліся з канца 2019 г. на працягу больш чым дзесяці месяцаў. Гэты ўнікальны экспанат эпохі Рымскай імперыі на працягу многіх стагоддзяў знаходзіўся ў порціку старажытнай ватыканскай базылікі і рабіў вялікае ўражанне на тых, хто прыбываў сюды, каб памаліцца ля магілы св. Пятра.
 

05 лістапада 2020, 11:37