Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Папа звярнуўся да ўдзельнікаў форума “Эканоміка Францішка”

“Мы маем патрэбу ў пераменах, прагнем перамен і шукаем перамен”, - сказаў Папа ў відэапасланні да ўдзельнікаў форума маладых эканамістаў і прадпрымальнікаў “Эканоміка Францішка”.

Анлайн-сустрэча праходзіла 19-21 лістапада 2020 г., хоць першапачаткова яго ўдзельнікі планавалі прыехаць у Асізі. Менавіта ў гэтым італьянскім горадзе св. Францішак атрымаў пакліканне і місію, выракся ідалаў, разгубленасці і смутку, уласцівых эгаістычнаму жыццю.

Святы Айцец заўважыў, што таксама і ўдзельнікі форума пачулі пакліканне паглядзець на эканоміку з іншага пункту гледжання. Яны ўбачылі, што “актуальная сусветная сістэма не з’яўляецца ўстойлівай з розных пунктаў гледжання”, яна шкодзіць “нашай сястры Зямлі”, а разам з ёй і самым бедным.

На думку Папы, у сучасны свеце не хапае культуры, неабходнай для таго, каб адкрыцца на розныя пункты гледжання, не закрывацца ў “адзінай пануючай логіцы”. Акрамя таго, для перамен неабходна “змена ладу жыцця, мадэляў вытворчасці і спажывання, кансалідаваных структур улады, якія сёння кіруюць грамадствам”.

Францішак звярнуў увагу на патрэбу ў кіруючых групах, якія будуць браць на сябе цяжар праблем, а не заставацца ў падпарадкаванні ідэалагізаванаму падыходу, які апраўдвае і паралізуе любыя дзеянні перад абліччам несправядлівасці.

Паводле Пантыфіка, трэба вярнуцца да “містыкі агульнага дабра” і “культуры сустрэчы”, што дазволіць многім сабрацца за адным сталом, каб весці дыялог, разважаць, дыскутаваць і даваць адказы на глабальныя праблемы, якія тычацца народаў і дэмакратый.

“Як цяжка крочыць у кірунку рэальных рашэнняў, калі суразмоўца, які не думае так як мы, дыскрэдытуецца, абняслаўліваецца і вырываецца з кантэксту... Гэта з’яўляецца спосабам баязлівай абароны ад рашэнняў, якія я павінен прыняць для вырашэння шматлікіх праблем”, - звярнуў увагу Францішак.

Сустрэча людзей з рознымі поглядамі можа стаць фундаментальным крокам да перамен, якія дазволяць даць жыццё новаму культурнаму, эканамічнаму, палітычнаму і сацыяльнаму мышленню. У гэта трэба ўключаць таксама бедных, спрыяць большай адкрытасці паміж рознымі сацыяльнымі групамі, - лічыць Святы Айцец.

“Дарагія маладыя эканамісты, прадпрымальнікі, работнікі і кіраўнікі прадпрыемстваў, цяпер настаў час для мужнай падтрымкі і стымулявання мадэлі развіцця, прагрэсу і ўстойлівасці, дзе людзі, асабліва адчужаныя (сярод якіх наша сястра Зямля), перастануць існаваць – у лепшым выпадку – проста намінальна, тэхнічна ці функцыянальна, але стануць галоўнымі дзеючымі асобамі свайго жыцця і ўсяго грамадства”, - падкрэсліў Папа.

Францішак заклікаў кіравацца паняццем цэласнага чалавечага развіцця, якое добра распрацавана ў сацыяльным вучэнні Касцёла. Палітыка і эканоміка не павінны быць падпарадкаваны тэхнакратычнай парадыгме, у якой на першым месцы стаіць эфектыўнасць. Яны пакліканы служыць чалавечаму жыццю, бароцца з няроўнасцю, перамагаць дыскрымінацыю, вызваляць людзей з розных форм няволі.

Перспектыва цэласнага чалавечага развіцця – гэта добрая вестка, аб якой трэба прарочыць, і Бог марыць аб тым, што мы пачнём браць на сябе праблемы братоў, асабліва самых уразлівых, - перакананы Пантыфік.

“Мера чалавечнасці вызначаецца адносінамі да пакут і таго, хто пакутуе. Гэта датычыць як асобных людзей, так і грамадства. Такая мера павінна ўцелавіцца таксама і ў нашых рашэннях і нашых эканамічных мадэлях”, - сказаў Папа.

Францішак заўважыў, што найгоршым вынікам эпідэміялагічнага крызісу можа стаць вяртанне да ліхаманкавага спажывальніцтва і новых форм эгаістычнай самаабароны.

“Не забывайцеся, што з крызісу ніколі не выходзяць не змяніўшыся: мы выйдзем з яго або лепшымі або горшымі. Будзем жа дапамагаць прарастаць таму, што добрае, выкарыстаем магчымасці і пачнём усе служыць агульнаму дабру”, - заклікаў Папа.

“Вас, моладзь са 115 краін, заклікаю зразумець нашу патрэбу адно ў адным, каб даць жыццё эканамічнай культуры, “здольнай дапамагчы прарасці марам, абудзіцца прароцтвам і поглядам, расквітнець спадзяванням, стымуляваць давер, перавязаць раны, аднавіць адносіны, адрадзіць світанак надзеі, вучыцца адно ад аднаго, ствараць добрыя вобразы, якія асвецяць розум, распаляць сэрцы, вернуць сілу рукам, натхняць усю моладзь без выключэння на бачанне будучыні, поўнае радасці Евангелля”, - звярнуўся Святы Айцец да ўдзельнікаў форума “Эканоміка Францішка”.
 

21 лістапада 2020, 17:30