Пошук

Vatican News

Пантыфік: напоўніць светачы веры алеем любові і добрых спраў

Калі хочам быць гатовымі да апошняй сустрэчы з Панам, павінны пачаць супрацоўнічаць з Ім і рабіць добрыя справы, натхнёныя Яго любоўю, - падкрэсліў Папа перад “Анёл Панскі” 8 лістапада 2020 г. у Ватыкане.

“Евангельскае чытанне на гэту нядзелю запрашае нас працягнуць разважанне пра вечнае жыццё, якое пачалі з нагоды ўрачыстасці Усіх Святых і ўспаміну Усіх памерлых вернікаў. Езус распавёў прыпавесць пра дзесяць паннаў, запрошаных на вяселле, якое з’яўляецца сімвалам Нябеснага Валадарства”, - нагадаў Пантыфік.

“У часы Езуса быў звычай святкавання вяселля ноччу; таму шэсце запрошаных павінна было адбывацца пры запаленых светачах. Некаторыя панны былі неразумныя: яны ўзялі светачы, але не ўзялі алей; мудрыя ж, наадварот, разам са светачамі ўзялі таксама і алей. Жаніх спазняўся і ўсе паснулі. Калі голас абвясціў, што жаніх вяртаецца, неразумныя ўбачылі, што не маюць алею для сваіх светачаў і спыталі яго ў мудрых, але тыя адказалі, што не могуць ім даць, бо тады не хопіць усім. Калі ж неразумныя пайшлі купляць алею, прыйшоў жаніх. Мудрыя дзяўчыны ўвайшлі разам з ім у святочную залу і зачыніліся дзверы. Іншыя прыйшлі запозна і былі прагнаны”, - нагадаў Францішак.

Паводле Святога Айца, з дапамогай гэтай прыпавесці Езус хоча сказаць, што мы павінны быць гатовымі да сустрэчы з Ім. “Не толькі да апошняй сустрэчы, але таксама да малых і вялікіх штодзённых сустрэч, які падрыхтоўваюць тую сустрэчу, для якой не дастаткова толькі светачу веры, але патрэбны таксама алей любові і добрыя ўчынкі. Як кажа апостал Павел, вера, якая па-сапраўднаму яднае нас з Езусам, гэта вера, якая “дзейнічае праз любоў” (Гал 5,6), - сказаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што менавіта гэта паказвае падыход мудрых жанчын. “Быць мудрымі і разважлівымі не значыць чакаць апошняга моманту для таго, каб адказаць на ласку Бога, але рабіць гэта адразу… Калі хочам быць гатовымі да апошняй сустрэчы з Панам, мы павінны неадкладна пачаць супрацоўнічаць з Ім і рабіць добрыя справы, натхнёныя Яго любоўю”, - дадаў ён

Папа падкрэсліў, што калі мы забываем пра мэту нашага жыцця, гэта значыць пра апошнюю сустрэчу з Богам, тады губляем сэнс чакання і абсалютызуем сучаснасць.

“Такі падыход перашкаджае нам думаць пра тое, што будзе пасля жыцця: мы робім усё такім чынам, нібыта ніколі не павінны будзем адправіцца ў іншае жыццё. У такім выпадку нас хвалюе толькі валоданне, узвышэнне, ўпарадкаванне… Калі будзем кіравацца тым, што нам здаецца найбольш прывабным, пошукам нашай выгады, тады наша жыццё стане бясплённым; не назбіраем алею для нашага светачу і ён пагасне яшчэ да сустрэчы Панам (…). Калі ж будзем пільнымі і будзем рабіць дабро, адказваючы на Божую ласку, тады зможам спакойна чакаць прыйсця жаніха. Тады Пан зможа прыйсці нават калі будзем спаць: гэта не будзе нас турбаваць, бо будзем мець дастаткова алею, назапашанага з дапамогай штодзённых добрых учынкаў…”, - сказаў Пантыфік.

“Папросім аб заступніцтве Найсвяцейшай Марыі, каб дапамагла нам жыць дзейснай верай, як жыла Яна. Такая вера – гэта запалены светач, з якім можам прайсці далей за ноч смерці і патрапіць на вялікае свята жыцця”, - закончыў сваё разважанне Францішак.
 

08 лістапада 2020, 12:45