Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: манаскае жыццё – важная частка Адукацыйнага пагаднення

Пра асноўныя абавязацельствы Глабальнага адукацыйнага пагаднення нагадаў Францішак. Ён абагульніў іх у трох напрамках канкрэтных дзеянняў: канцэнтравацца, прымаць і залучаць.

Пантыфік скіраваў адмысловы ліст да ўдзельнікаў адукацыйнага форума пад эгідай Аб’яднання генеральных настаяцелей і Міжнароднага аб’яднання генеральных настаяцельніц, які праходзіць у анлайн-фармаце 12-14 лістапада 2020 г.

Канцэнтравацца на важным, патлумачыў Пантыфік, азначае прысвяціць галоўнае месца каштоўнасці і годнасці чалавека, выявіць яго прыгажосць, унікальнасць і здольнасць падтрымліваць адносіны з іншымі і з рэчаіснасцю.

“Належная павага да асобы робіць адукацыю сродкам для росту і сталення нашых дзяцей і нашай моладзі, набыцця імі навыкаў і рэсурсаў, неабходных для пабудовы будучыні справядлівасці і міру”

, - заўважыў Папа.

Менавіта асобы ўтвараюць грамадства і ствараюць адзінае чалавецтва, пакліканае Богам быць абраным народам. “Для дасягнення гэтага патрэбна прыняцце. (...) Нам трэба матываваць нашых дзяцей і нашых маладых людзей вучыцца адносінам, працаваць у групе і мець эмпатычнае стаўленне, супрацьлеглае культуры адчужэння. Акрамя таго, важна, каб яны навучыліся сцерагчы наш агульны дом, абараняць яго ад эксплуатацыі рэсурсаў, прымаць больш цвярозы лад жыцця і дамагацца комплекснага выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі, паважаць чалавечае і прыроднае асяроддзе, у адпаведнасці з прынцыпамі субсідыярнасці, салідарнасці і эканомікі замкнёнага цыклу”, - адзначыў Францішак.

Пантыфік адзначыў, што кансэкраванае жыццё – гэта важная частка Глабальнага адукацыйнага пагаднення. Ён паабяцаў суправаджаць малітвай працу анлайн-форума.

Яшчэ адзін напрамак дзеянняў мае, паводле Святога Айца, вырашальнае значэнне: залучаць. Патрэбна платформа, якая дазволіць кожнаму актыўна ўдзельнічаць у выхаваўчай працы. Залучэнне прадугледжвае прывіццё дзецям і маладым людзям крытычнага погляду на свет, “здольнасці разумець праблемы ў галіне эканомікі, палітыкі, росту і прагрэсу, а таксама прапаноўваць рашэнні, якія па-сапраўднаму служаць чалавеку і ўсёй чалавечай сям’і з пункту гледжання інтэгральнай экалогіі”.

Інаўгурацыя Глабальнага адукацыйнага пагаднення прайшла 15 кастрычніка 2020 г. у Папскім латэранскім універсітэце ў Рыме. Ідэя належыць Францішку. Паводле яго, сёння свету патрэбна пагадненне паміж сям’ёй, школай, радзімай і светам – паміж адукацыйнымі інстытутамі і структурамі. У аснове павінна ляжаць новае аб’яднанне ведаў, культуры, спорту, навукі.
 

12 лістапада 2020, 12:15