Пошук

Vatican News

Папа: малітва – штурвал, які накіроўваў місію Езуса

З малітвай жыццёвыя выпрабаванні становяцца нагодай для ўзрастання ў веры і міласэрнай любові. Яна з’яўляецца мастацтвам, якое патрабуе пастаянства і даверу да Бога, - заўважыў Францішак.

Месцу малітвы ў жыцці Езуса Святы Айцец прысвяціў сваю катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі, якая адбылася 4 лістапада 2020 г. у Ватыкане. Па прычыне абвастрэння пандэміі каронавіруса, яна прайшла ў фармаце відэатрансляцыі з Папскай прыватнай бібліятэкі ў Апостальскім палацы.

Францішак нагадаў, што на працягу свайго публічнага жыцця “Езус няспынна звяртаўся да сілы малітвы”. Евангелле дэманструе, што Ён часта адыходзіў памаліцца ў пустыннае месца. Згадкі пра гэта даволі сціплыя, яны даюць магчымасць толькі ўяўляць тыя малітоўныя дыялогі, але яны яскрава сведчаць пра тое, што, нават служачы бедным і хворым, Езус ніколі не забываў пра блізкі дыялог з Айцом.

“Чым больш Ён паглыбляўся ў патрэбы людзей, тым мацней адчуваў патрэбу ў адпачынку ў Трынітарнай еднасці”, - сказаў Папа.

Паводле Пантыфіка, малітва была асновай усёй місіі Езуса, Яго таямніцай, схаванай ад людскіх вачэй. “У тыя гадзіны самотнасці – перад світанкам ці ноччу – Езус паглыбляўся ў сваю блізкасць з Айцом, можна сказаць, у Любоў, якой прагне кожная душа. Гэта тое, што становіцца бачным з самых першых дзён Яго публічнага служэння”, - заўважыў Францішак.

Святы Айцец нагадаў, як аднойчы ў Кафарнауме Езус аздараўляў хворых, але на досвітку пайшоў у пустыннае месца маліцца. Калі вучні знайшлі Яго, сказалі: “Усе шукаюць Цябе!”. Езус жа адказаў ім, што павінен ісці прапаведаваць у іншыя месцы.

“Малітва была штурвалам, які накіроўваў шлях Езуса. Этапы Яго місіі былі прадыктаваны не поспехам, не ўхваленнем, не спакуслівым выразам: “Усе шукаюць Цябе”. Шлях Езуса быў пазначаны менш зручнай дарогай, якая была паслухмянасцю натхненню Айца, якога Езус слухаў і прымаў у сваёй малітве ў самоце”, - зазначыў Папа.

Францішак спаслаўся на Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, у якім гаворыцца, што сваёй малітвай Езус вучыць маліцца і нас. Таму Яго прыклад дапамагае акрэсліць некаторыя рысы хрысціянскай малітвы.

У першую чаргу, малітва павінна займаць прыярытэтнае месца. Для Езуса яна была першым жаданнем на працягу дня, тым, што здзяйсняецца на світанку, перш чым прачнецца свет. “Малітва вяртае душу таму, што без яе не мела б дыхання. Дзень, пражыты без малітвы, рызыкуе пераўтварыцца ў цяжкі або сумны досвед: усё тое, што адбываецца, магло б стаць нязносным і сляпым лёсам для нас. Езус жа вучыць паслухмянасці рэчаіснасці і таму – слуханню”, - звярнуў увагу Папа.

“Малітва – гэта, у першую чаргу, слуханне і сустрэча з Богам. Штодзённыя праблемы, такім чынам, становяцца не перашкодай, але заклікам самога Бога слухаць і сустракаць таго, хто стаіць перад намі. Жыццёвыя выпрабаванні, такім чынам, ператвараюцца ў нагоду для ўзрастання ў веры і міласэрнай любові. Штодзённы шлях, у тым ліку цяжкасці, набывае перспектыву “паклікання”. Малітва мае сілу перамяняць у дабро тое, што ў адваротным выпадку было б у жыцці прысудам; яна мае сілу адкрываць вялікі гарызонт перад розумам і рабіць больш шырокім сэрца”, - заўважыў Пантыфік.

Малітва – гэта мастацтва, якое патрабуе пастаянства. “Мы ўсе здольныя на эпізадычную малітву, якая ўзнікае пад уплывам эмоцый, але Езус вучыць нас іншаму віду малітвы: той, якой уласцівыя дысцыпліна і практыкаванне, якая прымаецца ў якасці жыццёвага правіла”, - сказаў Папа.

“Пастаянства ў малітве выклікае паступовае пераўтварэнне, робіць моцным у перыяды турбот, адорвае ласкай падтрымкі з боку Таго, хто любіць нас і заўсёды абараняе нас”, - дадаў Францішак.

Яшчэ адна рыса малітвы Езуса – гэта самотнасць. “Той, хто моліцца, не ўцякае ад свету, але аддае перавагу пустынным месцам. Там, у цішыні, могуць праявіцца шматлікія галасы, якія носім у глыбіні душы: самыя схаваныя жаданні, праўды, якія імкнёмся заглушыць. І, самае галоўнае, што ў цішыні гаворыць Бог”, - сцвердзіў Пантыфік.

“Кожны чалавек мае патрэбу ў месцы для самога сябе, дзе будзе працаваць над уласным духоўным жыццём, дзе дзеянні набываюць сэнс. Без духоўнага жыцця мы становімся павярхоўнымі, неспакойнымі, трывожнымі; трывога – шкодная. Без духоўнага жыцця мы пазбягаем рэчаіснасці, а таксама саміх сябе. Становімся людзьмі, якія пастаянна ўцякаюць”, - сказаў Папа.

Нарэшце, “малітва Езуса – гэта месца, дзе адчуваецца, што ўсё паходзіць ад Бога і вяртаецца да Яго”. “Часам мы, людзі, лічым сябе гаспадарамі ўсяго, ці, наадварот, губляем усялякую павагу да сабе. Малітва дапамагае нам адшукаць слушнае вымярэнне ў адносінах з Богам, нашым Айцом, і з усім стварэннем”, - звярнуў увагу Францішак. Ён падкрэсліў, што маліцца – значыць давяраць Богу.

Падсумоўваючы катэхезу, Святы Айцец заклікаў распазнаць у Хрысце настаўніка малітвы, вучыцца ад Яго, каб знайсці радасць і спакой.
 

04 лістапада 2020, 11:43