Пошук

Vatican News

Папа да кардыналаў: заўсёды быць на адным шляху з Хрыстом

Крочыць Божым шляхам і быць уважлівымі, каб не трапіць на бездарожжа, - заклікаў Папа падчас Звычайнага публічнага кансісторыя па ўзвядзенні у кардынальскую годнасць.

Урачыстасць прайшла 28 лістапада 2020 г. у ватыканскай базыліцы св. Пятра. Падчас св. Імшы Пантыфік спаслаўся на літургічнае чытанне з Евангелля св. Марка (10,32-45), у якім Езус у трэці раз прадказаў вучням сваю муку і ўваскрасенне. Гэта адбылося на шляху да Ерузалема.

“Гэта тое асяроддзе, у якім заўсёды здзяйсняецца шлях Касцёла: шлях жыцця, гісторыі, якая становіцца гісторыяй збаўлення ў той меры, у якой спаўняецца разам з Хрыстом, будучы скіраванай да Яго пасхальнай Таямніцы. Ерузалем заўсёды знаходзіцца перад намі. Крыж і ўваскрасенне належаць да нашай гісторыі, з’яўляюцца нашай сучаснасцю, але таксама заўсёды і мэтай нашага шляху”, - сказаў Францішак новым кардыналам.

Папа нагадаў, што Езус указвае дарогу сваім вучням, ніколі не пакідае іх і хоча падрыхтаваць да таго, каб заўсёды былі з Ім на Яго шляху. Шлях Слугі Пана – гэта шлях мукі, смерці і ўваскрасення, але некаторыя з вучняў не разумелі гэтага. Яны шукалі прывілеяў.

“Гэта не шлях Езуса, гэта іншы шлях. Гэта шлях людзей, якія, магчыма несвядома, “выкарыстоўваюць” Пана, каб прасоўваць сябе; гэта шлях тых, якія – як кажа св. Павел – шукаюць свайго, а не таго, што Езуса Хрыста” (пар. Флп 2,21), - сцвердзіў Пантыфік.

“Дарагія браты, усе мы любім Езуса, хочам ісці за Ім, але мы павінны быць уважлівымі, каб заставацца на Яго шляху, таму што нашы ногі і цела могуць быць з Ім, але наша сэрца можа быць далёка і весці на бездарожжа. Падумаем пра розныя віды сапсутасці ў святарскім жыцці. Напрыклад, чырвоны колер кардынальскага адзення, які з’яўляецца колерам крыві, можа ператварыцца, для духа гэтага свету, у колер высокага адрознення”, - папярэдзіў Францішак.

Паводле Папы, толькі Езус, толькі Яго крыж і ўваскрасенне, могуць уратаваць ад прабывання на такім бездарожжы. “Св. Марк – разам з Мацвеем і Лукой – уключыў гэта апавяданне ў сваё Евангелле, бо гэта слова, якое збаўляе, якое з’яўляецца неабходным Касцёлу ва ўсе часы. Нават, калі Дванаццаць зрабілі кепскае ўражанне, гэты тэкст увайшоў у біблійны канон, бо паказвае праўду пра Езуса і пра нас. Гэта слова збаўлення таксама для нас сёння”, - падкрэсліў Святы Айцец.

“Таксама і мы, Папа і кардыналы, павінны заўсёды глядзець на сябе ў святле гэтага слова праўды. Гэта востры меч, ён пранізвае нас, ён балючы, але адначасова аздараўляе нас, вызваляе і змяняе. Навяртанне заключаецца менавіта ў гэтым: з бездарожжа выходзіць на Божы шлях. Няхай Святы Дух адорвае нас, сёння і заўсёды, гэтай ласкай”, - закончыў гамілію Папа.

Падчас кансісторыя атрыбуты кардынальскай годнасці – берэт, пярсцёнак і булу з тытулам – атрымалі: Генеральны Сакратар Сінода Біскупаў, біскуп Марыё Грэк; прэфект Кангрэгацыі па справах кананізацыі, біскуп Марчэла Сэмерара; арцыбіскуп руандыйскага Кігалі Антуан Камбанда; арцыбіскуп Вашынгтона Уілтан Грэгары; арцыбіскуп Сант’яга-дэ-Чылі Чэлесціна Аос Брака; арцыбіскуп Сіены-Кале-дзі-Валь-д’Эльса-Монтальчына Аўгуста Паола Лаюдзічэ; Гвардыян канвентуальных францішканаў у Асізі, брат Маўра Гамбэці; біскуп-эмерыт Сан-Крыстабаля-дэ-лас-Касаса Феліпе Арысмэндзі Эсківэль; Апостальскі нунцый, арцыбіскуп Сільвана Тамазі; Прапаведнік Папскага Дома, айцец Раньера Канталамеса; Пробашч парафіі Маці Боскай Любові ў італьянскім Кастэль-дзі-Лева, кс. Рыка Фэрочы.

Два новыя кардыналы: Апостальскі вікарый Брунэя Карнэліўс Сіму і арцыбіскуп філіпінскага Капіса Хасэ Адвінкуле, не змаглі прыбыць на ўрачыстасць па стане здароўя. Кардынальскія атрыбуты ім уручыць у іншы час прадстаўнік Святога Айца.

Пасля кансісторыя, сёмага за час пантыфікату Францішка, Калегія кардыналаў складаецца з 229 іерархаў, з якіх 128 маюць права голасу на канклаве.
 

28 лістапада 2020, 16:44