Пошук

Vatican News
Папа на могілках ненароджаных дзяцей Папа на могілках ненароджаных дзяцей  (ANSA)

Папа: аборты – гэта, у першую чаргу, пытанне не рэлігіі, а этыкі

Папа падкрэсліў важнасць абароны жыцця ў кантэксце дыскусіі аб легалізацыі абортаў у Аргентыне. Ён адказаў на ліст жаночай про-лайф арганізацыі Mujeres de las villas, якая дзейнічае ў бедных раёнах Буэнас-Айрэса.

У звароце, які прадстаўніцы аб’яднання даслалі Святому Айцу, падкрэсліваецца, што “закон аб легалізацыі абортаў прадстаўляецца многімі як лёгкае рашэнне для падлеткаў з гарадскіх ускраін, якія сутыкнуліся з праблемай нечаканай цяжарнасці”.

“Нас ахоплівае халодны жах, калі мы думаем, што гэты законапраект накіраваны на культываванне ідэі аб тым, што аборт з’яўляецца толькі яшчэ адной магчымасцю ў шэрагу метадаў кантрацэпцыі, і што яго адрасатамі з’яўляюцца бедныя дзяўчыны”, - напісалі жанчыны.

У лісце, скіраваным на імя аргентынскага дэпутата Вікторыі Маралес Гарлеры, Святы Айцец выказаў сваё захапленне працай і сведчаннем абаронцаў жыцця, дзякуючы за іх дзейнасць. “Краіна ганарыцца такімі жанчынамі як вы”, - падкрэсліў ён.

Пантыфік заўважыў, што “праблема абортаў – гэта, у першую чаргу, пытанне не рэлігіі, а чалавечай этыкі”. Ён лічыць, што ў дыскусіі аб абортах важна задаць два пытанні: ці дапушчальна знішчаць чалавечае жыццё для вырашэння праблемы і ці дапушчальна наймаць для гэтага забойцу?
 

26 лістапада 2020, 11:37