Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак выказаў блізкасць да ахвяр злоўжыванняў

Святы Айцец выказаў сваю блізкасць да ахвяр сексуальных злоўжыванняў і запэўніў у рашучасці Касцёла ў намаганнях на карысць выкаранення заганнай з’явы.

“Учора быў апублікаваны даклад аб балючай справе былога кардынала Тэадора Маккарыка. (...) Яшчэ раз запэўніваю ў маёй блізкасць ахвяр кожнага злоўжывання і ў намаганнях Касцёла па выкараненні гэтага зла”, - сказаў Пантыфік на заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая 11 лістапада 2020 г. прайшла ў форме відэатрансляцыі з Ватыкана. Пасля гэтых слоў Святы Айцец правёў некаторы час у маўклівай малітве.

Справаздача па справе былога кардынала Маккарыка налічвае 461 старонку і ўтрымлівае ў сабе дакументы і сведчанні, якія праліваюць святло на інстытуцыйныя памылкі, што дазволілі чалавеку, вінаватаму ў сексуальных злачынствах, заняць высокія пасады ў іерархіі Касцёла.

Па словах кардынала Дзяржсакратара П’етра Параліна, даклад дапаможа ўсім, хто быў уключаны ў гэты працэс, лепш усвядоміць цяжар сваіх рашэнняў або іх занядбання. “Гэта старонкі, якія падштурхоўваюць нас глыбока задумацца і спытаць у сябе, як павялічыць намаганні ў будучыні, робячы высновы з балючага досведу мінулага”, - сказаў бліжэйшы супрацоўнік Папы ў спецыяльным відэазвароце, прымеркаваным да публікацыі Дакладу па справе Маккарыка.
 

11 лістапада 2020, 11:24