Пошук

Vatican News
Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" у Ватыкане Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" у Ватыкане  (ANSA)

Францішак: уваходзіць у Божае Валадарства праз браму служэння

Ужо цяпер уваходзіць у Божае Валадарства праз браму пакорнага служэння, - заклікаў Папа падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая прайшла 22 лістапада 2020 г. у Ватыкане.

Францішак нагадаў, што ў Касцёле адзначаецца ўрачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара сусвету, якой завяршаецца літургічны год. Ён заўважыў, што чытанне з Евангелля св. Мацвея (Мц 25,31-46), апісваючы Апошні суд, паказвае Езуса як Пана гісторыі, Валадара сусвету, Суддзю ўсіх.

“Але хрысціянскі парадокс заключаецца ў тым, што гэты Суддзя не надзелены валадарскай годнасцю, якая выклікае страх, але з’яўляецца пастырам, поўным лагоднасці і міласэрнасці”, - падкрэсліў ён.

Пантыфік нагадаў, што Езус атаясамлівае сябе не толькі з валадаром-пастырам, але таксама са згубленымі авечкамі, гэта значыць з самымі малымі і патрабуючымі братамі.

“Такім чынам Ён указвае крытэрый згодна з якім будзем асуджаны: у яго аснове будзе канкрэтная любоў, падараваная ці адмоўленая гэтым людзям, бо Ён сам, суддзя, прысутны ў кожным з іх. Езус кажа: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі (ці не зрабілі) аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі (ці не зрабілі)”. Мы будзем асуджаны паводле любові. Не паводле пачуцця: паводле ўчынкаў, спагады, якая становіцца блізкасцю і клапатлівай дапамогай”, - папярэдзіў Францішак.

Святы Айцец нагадаў, што Бог спытае ў нас пра тое, ці імкнуліся мы наследаваць Яго прыклад. “Папросім Панну Марыю, каб навучыла нас валадарыць у служэнні. Багародзіца, узятая на Неба, атрымала ад свайго Сына каралеўскую карону, бо верна крочыла за Ім па шляху Любові. Будзем вучыцца ад Яе ўжо з гэтага моманту ўваходзіць у Божае Валадарства пра браму пакорнага і шчодрага служэння”, - заклікаў вернікаў Пантыфік.
 

22 лістапада 2020, 13:19