Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец перанёс дату дыяцэзіяльнага Сусветнага дня моладзі

Святы Айцец перанёс святкаванне Сусветнага дня моладзі на дыяцэзіяльным узроўні з Пальмовай нядзелі на ўрачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету.

Пантыфік паведаміў аб сваім рашэнні падчас цырымоніі перадачы сімвалаў Сусветных дзён моладзі, якая прайшла 22 лістапада 2020 г. у базыліцы св. Пятра ў Ватыкане.

“У той час, калі мы рыхтуемся да наступных міжкантынентальных Сусветных дзён моладзі, я хацеў бы нагадаць пра яго святкаванне ў мясцовых Касцёлах. Праз 35 гадоў пасля ўстанаўлення Сусветных дзён моладзі, выслухаўшы розныя меркаванні, а таксама Дыкастэрыю па справах свецкіх, сям’і і жыцця, адказную за моладзевае душпастырства, я вырашыў перанесці дыяцэзіяльнае святкаванне Сусветнага дня моладзі з Пальмовай нядзелі на Нядзелю Хрыста Валадара, пачынаючы з наступнага года”, - сказаў Папа.

Пантыфік зазначыў, што ў цэнтры ўвагі будзе заставацца таямніца Езуса Хрыста, Адкупіцеля чалавека, як гэта заўсёды падкрэсліваў заснавальнік і апякун Сусветных дзён моладзі св. Ян Павел ІІ.

“Дарагія юнакі і дзяўчаты, крычыце сваім жыццём пра тое, што Хрыстус жыве і валадарыць, што Хрыстус – Пан! Калі вы змоўкніце, закрычаць камяні”, - сказаў Папа, пасля чаго дэлегацыя з Панамы ўручыла сімвалы Сусветных дзён моладзі – Крыж і копію іконы Маці Божай Salus Populi Romani прадстаўнікам Партугаліі. Наступны моладзевы каталіцкі форум плануецца правесці ў 2023 г. у Лісабоне.
 

22 лістапада 2020, 12:26